«Усім вялікая падзяка за віншаванне! Нарэшце мы дома! — напісала Наста Дашкевіч у сваім фэйсбуку. — Мара носіць Давіду сваіх мядзведзікаў, выцірае яму роцік, спрабуе залезці да яго ў ложачак, каб легчы побач ці ўзяць на ручкі, а таксама стала і ўпарта забірае пустышку.: )

Адразу зразумела, што гэта ляля і ёсць той брацік, пра каторага ёй так шмат казалі. Пакуль ён шмат спіць ёсць час для Мары адаптавацца, бо час для яе быў няпросты. Нягледзячы на тое, што мы раней пакідалі малое недзе на 4 дні, калі мы ад’язджалі куды са Зьмітром ці я з’язджала на вучобу, цяпер яна вельмі сумавала. А зараз не пакідае мяне з поля зроку і ўвесь час ускрыквае: «Мама тут! Мама тут!»

Цяпер пра роды і раддом. Паколькі гэта было актуальным у апошні час, было шмат публікацый і мы шмат дзяліліся меркаваннем, падзялюся і я сваім досведам, пакуль так бы мовіць, памяць свежая. На роды мне ў прынцыпе не шанцуе, бо праходзяць доўга і складана. Таму я магу адчуць на сябе многія вабноты сучаснай медыцыны. Але ў гэты раз, у адрозненне ад мінулага, мне няма на што асабліва скардзіцца.

Па першае, мяне паклалі ў абсервацыю 1-га шпіталя, паколькі я не ўсіх лекараў прайшла падчас цяжарнасці. І скажу я Вам, калі б я ведала загадзя, што ў абсервацыі настолькі моцна адрозніваюцца ўмовы ад звычайнага пасляродавага аддзялення, я б тых лекараў ніколі ў жыцці не праходзіла! ))

Нараджала я адна ў палаце, быў фітбол. Традыцыйна я з яго фактычна і не злажу ніколі падчас схопак.

Усе акушэркі і лекары фактычна былі побач, часта заходзілі пыталіся, як я.

У мінулы раз, хто ў курсе, да мяне нікому не было справаў гадзін 4—5. Дазавалі пастаянна аксітацын і абезбольваючае, паколькі традыцыйна ў мяне спачатку адыходзяць воды, а родавая дзейнасць слабая. Сэ ля ві.

Па ўмовах усё вельмі акуратна. Пост акушэркі ў мяне за дзвярыма, радзала за тры крокі.

У мінулы раз у звычайным аддзяленні да радзалы, калі пачаліся патугі, трэ' было ісці праз калідор. Як прыгадаю, так страшна становіцца.

Крэсла навейшае, чым у звычайным родавым. Прынамсі, я ў ім даставала да ручак, што несумненна плюс.

Што да лекараў і акушэраў. Спачатку з адной акушэркай адносіны ў нас былі не заладзіліся. Нагодаю стала беларуская мова:) Яна зрабіла мне заўвагу, што слова «тусавацца» ў беларускай мове няма, таму гаварыце нармальна. Тут да мяне падышла старшая медсястра ад маёй знаёмай, спытацца, што ў мяне чуваць. Пасля гэтага і акушэрка стала нашмат мілейшай. У прынцыпе, яна жанчына добрая. Проста, відаць, дзень не заладзіўся. Бо яна многа дапамагала, перажывала, як праходзіў працэс.

Лекары мне папаліся ўсе строгія, але акуратныя. Кажуць, што яны зазвычай падбіраюць словы ў залежнасці ад асобы, каго трэба хваліць і песціць, а каму і жарца даць, каб лепш прайшоў працэс. Маўляў, як добры ці кепскі следчы, толькі ў пакоі нехта адзін з іх. Дык вось, з маёй асобай яны трошку памыліліся. Стымуляваць мяне словамі пра «гэта толькі ваша дзіця, апроч вас ён нікому не патрэбны» было памылкай і замест «э-ге-гей, шчас паднацісну» мне хацелася прачытаць ім лекцыю пра тое, што гэта як мінімум некарэктна чуць ад чалавека, які на прыняцці гэтых дзетак у свет спецыялізуецца. Але няхай. Часу на лекцыі не было — прыйшлося нараджаць. 

У адзяленні пасляродавым акуратныя палаты па два і тры чалавекі. Па два — платныя, па тры — бясплатныя. Я ляжала ў платнай палаце, але побач са мною ляжала дзяўчына бясплатна, бо іншых месцаў не было. ) Гэта было вельмі забаўна. Але я была не супраць, бо з меншай колькасцю людзей прыйшлося дамаўляцца пра тое, што вокны трэба адчыняць. Бо батарэі смажаць бязлітасна. Гэта мінус, а так усё, што датычна палаты, — тлусты плюс для беларускай рэальнасці. Бо неяк мне прыйшлося спусціцца на пару паверхаў ніжэй, і я зноў убачыла гэтыя агромністыя палаты па 6—7 чалавек альбо блочныя з падвоеннай колькасцю людзей і ўсё гэта, вядома, не натхняе. 

Як дзіковіна яшчэ тое, што прыходзіла фізіятэрапеўтка, якая паказвала практыкаванні, раіла розныя працэдуры. Адчувалася, што да цябе нават ёсць справа», — задаволеная Наста Дашкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0