Пра складаны эпізод біяграфіі легендарнага лідара «Салідарнасці» Леха Валэнсы рабочыя Гданьскай верфі пагаворвалі яшчэ ў 1980-я гады. Валэнса там працаваў электрыкам, і, вядома, калегі сёе-тое бачылі, здагадваліся.

У 1992 годзе тэму паднялі былыя паплечнікі Валэнсы, якія не маглі прабачыць яму кампраміс з камуністамі.

«Салідарнасць» прыйшла да ўлады ў выніку Круглага стала, на якім было вырашана: камуністы аддаюць уладу, Польшча пераходзіць да дэмакратыі, але пад мінулым падводзіцца «тлустая крэска». Нікога з былых уладаў ні за што не пераследуюць. Валэнса стрымаў сваё слова і не парушыў гэтых пагадненняў.

Восем гадоў таму гісторыкі Славамір Цэнцкевіч і Пётр Гантарчык напісалі тоўстую кнігу «Лех Валэнса і Служба бяспекі», у якой упершыню навукоўцы Інстытута нацыянальнай памяці прыводзілі доказы агентурнага мінулага легенды «Салідарнасці». Гісторыкі адкапалі доказы таго, што, быўшы прэзідэнтам, Валэнса атрымаў з архіваў сваё персанальнае дасье і вярнуў яго праз некаторы час без соцень дакументаў. Кніга выклікала гарачыя спрэчкі, аўтараў абвінавацілі ў палітычным заказе. Яны звольніліся з працы.

Новая хваля «справы Валэнсы» ад папярэдніх адрозніваецца тым, што ўпершыню з’явіліся дакументы, якія пацвярджаюць данасіцельства Валэнсы для камуністычных спецслужб.

Ад часоў падзення камунізму іх захоўваў на сваёй варшаўскай віле кіраўнік спецслужб ПНР генерал Чэслаў Кішчак. Ён памёр летась. Паводле яго волі, дакументы Валэнсы павінны былі пабачыць свет праз пяць гадоў пасля смерці экс-прэзідэнта. Але жонка генерала паспяшалася і перадала дакументы ў Інстытут нацыянальнай памяці на мінулым тыдні.

Імавернасць таго, што дакументы падробленыя — мінімальная.

У тэчках Валэнсы, які працаваў пад мянушкай Болек, каля 800 старонак. Першы дакумент — гэта дэкларацыя аб супрацоўніцтве. Яе Валэнса падпісаў у 1970 годзе, пасля крывавага падаўлення рабочай забастоўкі ў Гданьску. Тады міліцыя, душачы беспарадкі, расстраляла некалькі дзясяткаў рабочых.

Калі верыць дакументам з хатняга архіва Кішчака, то Валэнса за 6 гадоў супрацоўніцтва са Службай бяспекі, напісаў 110 даносаў на рабочых Гданьскай верфі. У іх Валэнса паведамляў, дзе рабочыя друкуюць самвыдат і ўлёткі з заклікам да забастоўкі. Тлумачыў, як выглядае работа прафсаюзаў, апісваў змест размоваў сваіх знаёмых. Перадаваў афіцэру нелегальныя матэрыялы, якія раздаваліся на верфі.

Афіцэры Службы бяспекі ацэньвалі інфармацыю ад Валэнсы як вельмі каштоўную. За даносы Болек атрымліваў грошы, што даводзяць матэрыялы ў тэчках і подпісы Валэнсы на квітанцыях.

За 6 гадоў агентурнай дзейнасці Валэнса атрымаў 13 тысяч злотых. Для параўнання: месячны заробак рабочага ў 1970-я гады складаў 2 тысячы.

Супраца СБ з Валэнсам спыняецца ўлетку 1976 года. Ён адмаўляецца сустракацца з афіцэрам з-за нібыта хваробы, наракае, што стаў менш зарабляць за перадачу інфармацыі. Карацей, стараецца «саскочыць». 7 чэрвеня 1976 года афіцэр Службы бяспекі Раман Грачык (які дагэтуль жывы) спыняе супрацу з Валэнсам.

Раней галоўнай лініяй абароны Валэнсы ад абвінавачванняў у супрацы з СБ былі дакументы, якія атрымаў Нобелеўскі камітэт у 1982 годзе. Каб дыскрэдытаваць лідара «Салідарнасці», спецслужбы даслалі ў Стакгольм дакументы пра яго агентурную дзейнасць. Але Валэнса змог даказаць у судзе, што яны падробленыя. Дакумэнт з тэчкі Болека тлумачыць гэтую дэталь. У паперах Валэнсы захавалася заява МУС у 1982 годзе з просьбай выдаць дакументы Валэнсы для аперацыі «Амбасадар», мэтай якой была якраз кампраметацыя Валэнсы ў вачах Нобелеўскага камітэта.

Усе гады пасля падзення камунізму Лех Валэнса абвяргаў абвінавачванні ў супрацы з СБ і судзіўся за сваё добрае імя нават з былымі паплечнікамі.

Яго галоўным аргументам была адсутнасць дакументаў і статус пацярпелага ў гады ПНР.

Шэсць гадоў таму экс-прэзідэнт падчас аднаго з тэлевізійных інтэрв'ю прызнаўся, што «нешта некалі падпісаў, як і ўсе, але ніякай супрацы не было». Цяпер спробы абвергнуць абвінавачанні ён робіць праз сацыяльныя сеткі. На жаль, лінія абароны не выглядае пераканаўча.

Валэнса за некалькі дзён апісаў пару версій падзей, частку допісаў выдаляў, потым з’яўляліся новыя тлумачэнні. А пасля публікацыі Інстытутам нацыянальнай памяці даносаў на былых сяброў Валэнса напісаў, што «яны былі ніхто і застануцца нікім».

Паводле апошняй версіі, Валэнса пагадзіўся падпісаць дэкларацыю аб супрацы толькі пасля слёзных упрошванняў афіцэра СБ. Маўляў, гэбісту пільна былі патрэбныя грошы і ён прыдумаў гісторыю пра фіктыўную супрацу з Валэнсам, каб не страціць работу і пракарміць сям’ю. А Валэнса злітаваўся і падпісаў. Цяпер Валэнса просіць таго афіцэра ва ўсім прызнацца, каб ачысціць сваё імя.

Абаронцы Леха Валэнсы сцвярджаюць, што супраца з СБ была ўсяго фрагментам жыцця адважнага чалавека, які знішчыў камунізм. Чалавека, які пасля расстрэлу рабочых у 1970-м быў запалоханы і зрабіў памылку, але потым яе напоўніцу адпакутаваў. Праз чатыры гады пасля таго, як ён перастаў быць сексотам, ён узначаліў «Салідарнасць». Гэта было геройства. За такое Саветы маглі і забіць, і што хочаш.

Крытыкі Валэнсы звяртаюць увагу на іншы момант. На іх думку, Валэнса павінен быў расказаць пра той эпізод з мінулага.

Маўляў, не знайшоўшы смеласці ва ўсім прызнацца, Валэнса быў на кручку ў камуністаў, якія шантажавалі яго публікацыяй дакументаў. Менавіта таму, паводле іх, Валэнса пайшоў на «міравую» з камуністамі і не правёў люстрацыю. Былыя камуністычныя начальнікі сталі вялікімі бізнэсменамі і працягвалі запраўляць у краіне.

Польшча пасля 1989 года моцна рванула наперад. Раней палякі жылі на адным узроўні з беларусамі і ўкраінцамі. Цяпер мы з імі— як неба і зямля. І ўсё адно ў Польшчы шмат хто моцна незадаволены пераменамі 90-х, шокавай тэрапіяй Бальцэровіча, карупцыяй. І Валэнса для многіх — сімвал страчаных шанцаў.

У крытыкаў і ў абаронцаў Валэнсы ёсць бясспрэчныя аргументы.

Для першых ён баязлівец, марыянетка СБ і амаральны чалавек, які даносіў на сваіх сяброў.

Для другіх супраца з СБ — гэта ўсяго эпізод, які завяршыўся ў 1976 годзе, за 4 гады да ўзнікнення «Салідарнасці». Для іх Валэнса — герой, які выпутаўся з павуціння спецслужбаў і перамог камунізм. Асоба, якую жудасная сістэма надламала, але не зламіла.

Усе мы ведаем, што гісторыя не любіць умоўнага ладу. Невядома, што было б, калі б не было кампрамісу з камуністамі. Можа, кроў. А можа, Польшча стала б другой Ірландыяй. І гэтай спрэчцы ніколі не будзе канца. Але яе магло б проста не быць. Пры ўмове, калі б Валэнса на самым пачатку прызнаўся, што аднойчы зрабіў памылку.

Праўда робіць чалавека свабодным.

Польскую дзяржаву свабоднай зрабіла «Салідарнасць», 10-мільённы рух рабочых і інтэлігенцыі, на чале каторага стаяў не чалавек-ікона.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?