16 красавіка Савет Рэспублікі ўхваліў праекты законаў аб ратыфікацыі двух пагадненняў паміж урадамі Беларусі і Венесуэлы: аб адмене віз у дыпламатычных, службовых ці афіцыйных пашпартах і аб адмене віз у нацыянальных пашпартах.

Пагадненні былі падпісаны ў венесуэльскім штаце Ансаатэгі 8 снежня 2007 года падчас візіту ў гэтую краіну афіцыйнай беларускай дэлегацыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Іх мэта — стварэнне нарматыўна‑прававой базы, што рэгулюе пытанні ўзаемных паездак грамадзян дзвюх краін.

Законапраекты аб ратыфікацыі пагадненняў былі прыняты Палатай прадстаўнікоў 2 красавіка. На пленарным пасяджэнні сесіі Савета Рэспублікі 16 красавіка іх прадстаўляў намеснік старшыні пастаяннай камісіі верхняй палаты па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Вітольд Песціс.

У адпаведнасці з пагадненнем аб адмене віз у нацыянальных пашпартах грамадзяне Беларусі і Венесуэлы могуць уязджаць і выязджаць на тэрыторыю іншай краіны без візы і знаходзіцца там да 90 дзён. Пры гэтым грамадзяне адной краіны, якія прыязджаюць у іншую дзяржаву, будуць трапляць пад дзеянне заканадаўства краіны знаходжання.

Яны не маюць права займацца камерцыйнай або іншай дзейнасцю за плату падчас знаходжання на тэрыторыі іншай краіны. У выпадку калі грамадзяне маюць намер знаходзіцца на тэрыторыі іншай дзяржавы больш за 90 дзён або плануюць займацца там камерцыйнай ці іншай дзейнасцю за плату, яны павінны атрымаць адпаведную візу.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0