Індывідуальныя прадпрымальнікі павінны адмовіцца ад выплаты падаткаў, пакуль улады не адменяць указ № 222 аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў. Пра гэта заявіў актывіст прадпрымальніцкага руху, намеснік старшыні руху салідарнасці «Разам» Алесь Макаеў 24 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, гэта вымушаная мера ў адказ на дзеянні ўладаў, якія пазбаўляюць ІП магчымасці працаваць. «Гэта права людзей — пратэставаць, калі ўлады парушаюць іх правы», — падкрэсліў Макаеў.

Ён заклікаў прадпрымальнікаў прыйсці на Кастрычніцкую плошчу Мінска 28 лютага, каб у чарговы раз выказаць пратэст. «Запрашаю на мітынг не толькі прадпрымальнікаў, але і ўсіх грамадзян Беларусі. Мы павінны быць салідарныя», — сказаў ён.

Былы палітвязень, прадпрымальнік з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч адзначыў, што «ў цяжкай эканамічнай сітуацыі ўлада, здавалася б, павінна падтрымліваць бізнес, які забяспечвае людзям магчымасць зарабляць на жыццё, але яна робіць наадварот». На яго думку, улада ў інтарэсах буйнога бізнесу паставіла мэту «знішчыць індывідуальных прадпрымальнікаў як клас».

Аўтуховіч заявіў, што «не вельмі правільна дзейнічаў» старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, «які лічыць, што трэба станавіцца на калені, пісаць паперы ўладам». «Хачу звярнуцца да прадпрымальнікаў, якія лічаць, што праблемы можна вырашыць, напісаўшы ліст ураду. Не трэба быць такімі наіўнымі. Усё вырашае адзін чалавек», — сказаў Аўтуховіч.

У той жа час Макаеў заявіў, што будзе вітаць правядзенне дазволенай акцыі, заяўку на правядзенне якой Шумчанка падаў разам з экс-палітвязнем Мікалаем Статкевічам. «Мы падтрымліваем усе акцыі. Але 28 лютага прадпрымальнікі выйдуць на Кастрычніцкую плошчу. Калі Лукашэнка не зразумее, што прадпрымальнікаў не трэба ўціскаць, то ў яго будуць вялікія праблемы», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?