kommersant.ru
Даччыныя аддзяленні расійскіх банкаў у Беларусі адзначылі прыкметны рост актыўнасці інвестараў з Расіі, якія размяшчаюць там ўклады ў далярах і еўра. Пра гэта піша маскоўская газета «Коммерсантъ».
Паводле звестак выдання, прырост валютных дэпазітаў амаль у два разы ад інвестараў з Расіі зафіксавалі даччыны банк Альфа-банка ў Беларусі, Белгазпрамбанк ( «дачка» Газпрамбанка) і «дачка» Ашчаднага банка БПС-Ашчадбанк.
Стаўкі па валютных укладах у параўнанні з расейскімі ў Беларусі вельмі высокія.
Даходнасць па ўкладах у доларах і еўра ў беларускіх Альфа-банку, БПС-Ашчадбанку і Белгазпрамбанку цяпер складае 5% па двухгадовых безадклікальных дэпазітах. Для параўнання, па тэрміновых дэпазітах тэрмінам больш за два гады ў іх расійскіх матчыных банках максімальная даходнасць не перавышае 2,5%.
Акрамя таго, у Беларусі дзейнічае сістэма гарантаванай кампенсацыі ўкладаў: у ёй адсутнічаюць абмежаванні памеру страхоўкі, а выплата кампенсацыі адбываецца ў валюце ўкладу. У Расеі ж ёсць абмежаванне (да 1,4 млн руб.) і прымусовая канвертацыя ў рублі па курсе на дату адклікання ў банка ліцэнзіі.
Праўда, адзначае газета, у Беларусі існуе рызыка непрадказальнай змены заканадаўства. Намеснік старшыні праўлення Райфайзэнбанка Андрэй Сцепаненка адзначае, што сярод негатыўных сцэнароў магчымыя прамая забарона на вываз валюты з краіны нерэзідэнтамі або абмежаванне выплат па ўкладах.
