Суд Курземскага раёна Рыгі прысудзіў жыхара Латвіі Максіма Капцелава да шасці месяцаў пазбаўлення волі. Нагодай паслужыла петыцыя з заклікам далучыць Латвію да Расіі, якую сам аўтар называе жартам.

Рашэнне вынесена на падставе артыкула крымінальнага закона Латвіі, які забараняе публічныя заклікі да ліквідацыі незалежнасці Латвійскай дзяржавы шляхам уключэння яго ў іншае дзяржаўнае фарміраванне. Найбольшае пакаранне — пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады.

«Я лічу, што гэта ганьба для Латвіі. Прысуд занадта жорсткі, — сказала журналістам адвакат Ілона Булгакава. — Заклік павінен быць выразным і канкрэтным, каб было ясна, што чалавек сапраўды заклікае ліквідаваць дзяржаўную незалежнасць, аднак у гэтым выпадку доказы адсутнічаюць».

Петыцыя была апублікаваная на сайце avaaz.org 8 сакавіка 2014 года: «Калі Латвія зноў увойдзе ў склад Расійскай Федэрацыі, ва ўсіх жыхароў Латвійскай рэспублікі адкрыюцца велічэзныя перспектывы развіцця, нашмат большыя чым пры цяперашнім знаходжанні ў Еўрасаюзе… ПС: Ну а калі на самай справе, то гэты дакумент не нясе значнасці і з'яўляецца жартам. А калі ў кагосьці дрэнна развіта пачуццё гумару, то вельмі спачуваем гэтаму чалавеку».

Крымінальны працэс быў пачаты паліцыяй бяспекі 14 сакавіка 2014 года, а 25 лютага 2015 года супрацоўнікі праваахоўных органаў правялі ператрусы і затрыманне ў рамках гэтай справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?