Супрацоўнікамі галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Беларусі сумесна з калегамі з ГУУС Мінгарвыканкама і Савецкага РУУС сталіцы ва ўзаемадзеянні са следчымі і экспертамі раскрыта дзёрзкае абрабаванне ювелірнага салона «Жэнеў». Спецаперацыя па затрыманні падазраваных праходзіла пры падтрымцы байцоў спецпадраздзялення МУС «Алмаз». Пра гэта паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў.

Разбойны напад на ювелірны салон па вуліцы Сурганава ў Мінску быў учынены 16 студзеня. Трое невядомых у масках уварваліся ў краму, разбілі вітрыны і выкралі 115 каштоўнасцяў на суму каля 580 млн. рублёў. Затрымаць зламыснікаў па гарачых слядах не ўдалося. 

«Да раскрыцця злачынства падключыліся лепшыя сышчыкі МУС і гарадской міліцыі. Падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і апытання відавочцаў удалося ўстанавіць прыкметы падазраваных, а таксама колер і марку аўтамабіля, на якім яны перамяшчаліся», — распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС палкоўнік міліцыі Анатоль Саковіч.

Удзельнікамі нападу аказаліся трое жыхароў Гродзенскай вобласці ва ўзросце ад 21 да 23 гадоў.

Адзін з іх жыў у Мінску на здымнай кватэры. Раней затрыманыя не мелі праблем з законам і прыцягваліся толькі да адміністрацыйнай адказнасці па лініі ДАІ.

Цяпер з затрыманымі працуюць следчыя. Вядома, што практычна ўсе выкрадзеныя ювелірныя ўпрыгажэнні налётчыкі схавалі дома.

Савецкім (Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта распачата справа па ч. 4 арт. 206 КК (абрабаванне, учыненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры).

Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 13 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0