Лідар гурту Brutto Сяргей Міхалок размясціў у сеціве відэазварот, у якім распавядае пра размову з чыноўнікамі наконт канцэрта ў Мінску.

«Кіраўніцтва Мінгарвыканкама ўрачыста запрасіла, ветліва прыняло нашага прадзюсара Антона, — узрушана кажа Міхалок. — Яму паціснулі руку і сказалі, што ўжо даўно чакаюць гурт Brutto ў горадзе-героі Мінску.

Мяне, Зелю (актрыса Святлана Зелянкоўская, жонка Міхалка) і Макара (сын Святланы і Сяргея) запрасілі вярнуцца на Радзіму і разам будаваць новую дэмакратычную еўрапейскую Беларусь. Мы прайшлі праверку ўсіх сілавых структур і ведамстваў, праверку тэкстаў і ідэалогій, і о цуд, да Brutto няма прэтэнзій, Brutto — чысты дыямент».

Тым не менш, Сяргей адзначае, што засталіся яшчэ людзі ў акулярах, якія не разумеюць, наколькі важна для сучаснай Беларусі правесці канцэрт яго гурту. Музыка прапануе ім не чакаць загадаў зверху і тэлефанаванняў кіраўніцтва, а проста паставіць свае рэзалюцыі і пячаткі на неабходных дакументах. Бо, маўляў, канцэрт Brutto ў Мінску ўжо не спыніць. З чым Міхалок і віншуе сваіх прыхільнікаў.

Раней паведамлялася, што дакументы на выступ музыкаў у Палацы cпорту пададзеныя на 27 мая. Але гастрольнае пасведчанне дагэтуль не атрыманае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?