Меркаваны арганізатар групоўкі Канстанцін Вілюга і яе ўдзельнік КДБіст Ігар Карыцкі. Фота: Сяргей Гапон, kp.by. 

Меркаваны арганізатар групоўкі Канстанцін Вілюга і яе ўдзельнік КДБіст Ігар Карыцкі. Фота: Сяргей Гапон, kp.by. 

У Мінску за распаўсюд наркотыкаў судзяць 17 чалавек. Галоўны фігурант па справе — 31-гадовы Канстанцін Вілюга па мянушцы «Кот», дырэктар «ВКМ-груп».

Як паведамляе інтэрнэт-газета Naviny.by, Вілюга скончыў журфак БДУ. Некаторы час ён супрацоўнічаў з газетай «СБ. Беларусь сегодня». На сайце «СБ» і цяпер можна знайсці некалькі яго публікацый. Аднак гэта, як і многае іншае ў жыцці, здаецца, яму было трэба толькі для навязвання «карысных сувязяў».

Вілюгу затрымалі яшчэ ў лістападзе 2014 года. Ён быў за рулём «Мерсэдэса» прадстаўніцкага класа з нумарнымі знакам 0101. Абвінавачаны любіў дарагія машыны і хваліўся, што на дарозе яго машыне салютавалі супрацоўнікі ДАІ.

Паводле версіі следства, у 2011 годзе Вілюга запусціў сайт LegalMіnsk, які фігуруе ў многіх крымінальных справах, звязаных з незаконным распаўсюдам наркотыкаў. Па ацэнцы праваахоўнікаў, пры ўдалых аптовых продажах прыбытак падсуднага дасягаў $7 тысяч. І гэта — без уліку рознічнага продажу.

Пры вобшуку ў Вілюгі знайшлі пасведчанне сябра асацыяцыі па барацьбе з наркотыкамі. Зламыснік паказваў дакумент пры сустрэчы з міліцыянтамі, якім здаваў сваіх канкурэнтаў.

Так яму ўдалося падмяць пад сябе ўвесь рынак псіхатропаў ў Беларусі. Пазней ён арганізаваў філіялы і ў Расіі. Сваёй віны Канстанцін Вілюга не прызнае.

Усяго па справе праходзіць 17 абвінавачаных, сярод якіх — два старшыя ўпаўнаважаныя супрацоўнікі КДБ: Ігар Карыцкі ў Брэсцкай вобласці і Дзмітрый Вераценскі ў цэнтральным апараце камітэта. Яны дагэтуль не лічацца звольненымі.

Яшчэ адзін абвінавачаны – 35-гадовы Канстанцін Дзенісевіч. Ён быў супрацоўнікам галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. З 2012 года ён супрацоўнічаў з Вілюгам, а ў 2014 звольніўся з міліцыі і канчаткова «ўладкаваўся» на працу ў спайс-картэль.

Астатнія фігуранты ў «звычайным жыцці» займаліся хто чым. 27-гадовы Яўген Цімохаўцаў – менеджар па продажах у адной са сталічных фірмаў, мае вышэйшую адукацыю.

24-гадовы мінчук Сяргей Дамашкевіч, мае сярэднюю спецыяльную адукацыю, раней быў судзімы за абарот наркотыкаў.

24-гадовы токар з Наваполацка Антон Марозаў, ужо быў судзімы раней за наркотыкі.

44-гадовы Андрэй Працэвіч, ураджэнец Мінскай вобласці, мае вышэйшую адукацыю, жыў і працаваў у Маскве менеджэрам, неаднаразова судзімы, у тым ліку за наркотыкі.

Марат Багель, ураджэнец Гродзенскай вобласці, да затрымання таксама жыў у Маскве, раней судзімы, мае сярэднюю адукацыю.

31-гадовы мінчук Дзмітрый Гаўрык, раней быў судзімы за абарот наркотыкаў, мае сярэднюю адукацыю.

27-гадовы Віталь Міхалоўскі, жыхар сталіцы, мае сярэднюю адукацыю, беспрацоўны.

Фёдар Бухавец — беспрацоўны ураджэнец Мінска, жыў у Падмаскоўі.

23-гадовы мінчук Максім Гайдук, мае сярэднюю спецыяльную адукацыю, таксама нідзе не працаваў.

Двое фігурантаў не былі ўзятыя пад варту. Гэта жыхары Мінска 44-гадовы Валеры Страбкоў і 28-гадовы Фёдар Артамонаў.

На лаве падсудных таксама дзве дзяўчыны. Адна з іх — 26-гадовая Ірына Семяняка — грамадзянка Расійскай Федэрацыі. Іншая, 24-гадовая беларуска Аліна Церагера, па версіі следства, была кіраўніцай злачыннай групы па распаўсюдзе наркотыкаў. У яе абавязкі ўваходзіла размеркаванне абавязкаў паміж удзельнікамі, рэгуляванне цэн, рэклама ў інтэрнэце, упакоўка наркотыку, агульнае адміністраванне дзейнасці.

Удзельнікі групы шыфравалі сваю перапіску, а ў апошні час выкарыстоўвалі толькі анлайн-плацяжы.

У чэрвені 2014 года праваахоўнікі паведамілі, што ў Мінску ў доме на праспекце Дзяржынскага затрыманая 23-гадовая дзяўчына, якая арганізавала гандаль новым на той час для Беларусі наркотыкам.

Напэўна, гаворка ішла менавіта пра Церагеру. У арандаванай кватэры і ў аўтамабілі праваахоўнікі тады выявілі некалькі кілаграмаў забароненых рэчываў, а таксама пачак банкаўскіх картак, тры канверты з грашыма, сшытак з бухгалтэрыяй, ноўтбук з перапіскай і сцяг Расіі.

Церагера, паводле слоў пракурора, таксама ўдзельнічала ў стварэнні філіялаў «бізнесу» Вілюгі ў Расіі. У Маскве АЗГ узначальваў нейкі Рыбко. Вядома, што ён затрыманы. Вырашаецца пытанне аб яго перадачы ў Беларусь. Пазней злачынную групу ў Расіі ўзначаліў Фёдар Бухавец, які цяпер праходзіць абвінавачаным па названай крымінальнай справе.

Затрыманне групоўкі можна лічыць вялікім поспехам беларускіх праваахоўнікаў. Але ўдзел у ёй супрацоўнікаў спецслужб — гэта, адначасова, вялікая пляма для іх.

Суд па справе працягваецца. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?