Студэнтка эканамічнага факультэта БДУ Алена Куранава распрацавала праект па стварэнні цуда-капсулы для аднаўлення біялагічнага патэнцыялу арганізма, паведамілі ў Белдзяржуніверсітэце.

Знешне рэлакс-камера будзе прадстаўляць невялікі бокс, створаны з лёгкага порыстага будаўнічага матэрыялу — керамзіту. Для яго вырабу выкарыстоўваецца айчынная сыравіна.

Бокс дазволіць чалавеку на працягу паўгадзіны аднавіцца пасля напружанага працоўнага дня. Тут можна памераць ціск і пульс, выпіць чыстай вады, уключыць светламузыку. Падаецца паветра, узбагачанае кіслародам. Прадугледжаная магчымасць падключэння да інтэрнэту. «Такая форма адпачынку асабліва актуальная для студэнтаў, якія ў перапынках паміж заняткамі змогуць аздаравіцца, а адна з функцый бокса дазволіць нават праслухаць лекцыю», — сказала Алена Куранава.

Праект быў прадстаўлены на выставе «100 ідэй для Беларусі» ў Мінску. Ён зацікавіў інвестараў з Беларусі і Венгрыі. Студэнтка абрала прапанову інвестара з Мінска. У перспектыве мяркуецца, што капсулы будуць устаноўленыя ў шматлюдных месцах, у тым ліку ў супермаркетах і гарадскіх парках.

Падобныя сліп-боксы распаўсюджаныя за мяжой, асабліва ў Кітаі, Японіі. Іх кошт — ад $12 тысяч да $60 тысяч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?