Актывістка «Маладога фронту» Кася Галіцкая была арыштаваная на 10 сутак за ўдзел у акцыі ў Дзень Волі 25 Сакавіка. Cвой дзёньнік яна пісала ў спэцпрыёмніку‑разьмеркавальніку на Акрэсьціна.

25 сакавіка, позьні вечар

Яскравы ўспамін, баюся, доўга яшчэ будзе прыгадвацца.

Турэмны калідор, ля сьцяны стаіць Дашкевіч — рукі на сьцяне, ногі на шырыні плячэй, галава апушчаная… Паўзь яго вядуць мяне — джынсы мокрыя да калена, у ботах хлюпае вада… Ён абарочваецца — бледны, што сьмерць, вока адно падбітае — і ціха‑ціхенька шэпча: «Шчасьліва Вам, Касечка…»

І Вам таго ж, Зьміцер.

А іх з Артурам, здаецца, у першую камэру на ноч закінулі. Калі мы там былі зімой, там была тэмпэратура плюс адзін. О‑ёй.

26 сакавіка

10 СУТАК, А НЕ 15!!!!!!!!

І яшчэ — як прыемна, што ўсё ж ня села Атакулава! І Краснова! Так лягчэй усё ж.

Будзе дэнс.

Зараз прыгадаю якую‑небудзь гісторыю з суду.

Імбрычак

Удзельнікі:

Я
Амапавец №1
Амапавец №2
Месца дзеяньня: нейкі кабінэт у судзе, дзе ўсе чакалі прысудаў.

Амапавец №1: Ой, Николаевна, ента ты ж, наверное, хорошо беларускую мову знаешь?
Я (думаю, добра, адкажу ўжо): Ну так.
Амапавец №2: Ой, а скажи нам какое‑нибудь слово, штоб мы ня поняли…
Я (думаю, ужо цікава): Імбрычак.
Амапавец №1: Ой, а што ета?
Я: Чайнік.

Пасьля гэтага яны пачалі тыкаць адзін у аднаго пальцамі й крычаць : «Ты імбрычак! — А ты — дэбіл! — Падумаеш, дэбіл, а вось ты — імбрычак!!!!»

Вось так пашыраецца слоўнікавы запас ахоўнікаў правапарадку.

***

А зараз — абяцаны дэнс :)

27 сакавіка

Раніцай да нас на вакно прыляталі галубы й верашчалі (буркавалі то бок). Я нат прачнулася ад гэтага. І чамусьці падумала — а як я так доўга пражыву бяз скайпу?

Агледзелася, зацаніла ўмовы: прастора для таго, каб хадзіць па камэры — прыкладна мэтар на два, два з паловай крокі й назад… Затое Лёшык перадаў кніжкі на судзе! Малайчына проста! І мы пранесьлі печыва й тры шакалядкі, яшчэ адну сунуў мне ў кішэню Артур (Артурык, дзякуй!), пакуль стаялі ў калідоры й чакалі разьмеркаваньня, значыцца, прыпасы такія: дафіга печыва й чатыры «Алёнкі» на дзьвюх. Жыць можна. Толькі вось чаму я не такая прасунутая, як Дашкевіч, які з сабою на акцыю сала ўзяў! У мяне розуму хапіла толькі на гігіенічныя прыналежнасьці.

Час рабіць гімнастыку‑скокі (інструктару палымяны прывет!)

Пра бомжыка. На нашым паверсе мые падлогу ў калідоры такі зацюканы бомжык у расьцягнутым швэдры. Дык вось — выходжу неяк з камэры аддаць яму сьметніцу, а ён выпускае анучу з рук і кажа: «Ой, какіе тут дівчата красівые бывают…»

Ндааа, бомжык, тут і не такія бываюць…

***

Прынесьлі мне перадачу: Атакулава, я цябе люблю!

Кніжак робіцца больш :) Буду начытаная жэншчына :)

28 сакавіка

Сёньня была такая жахліва халодная ноч, што мы амаль ня спалі. Затое я паспала ад пад’ёму да сьняданку (то бок ад шостай да восьмай), і мне прысьнілася лета й кветкі. А яшчэ сёньня пойдзем у душ, ура‑ура‑ура!

Падсялілі да нас нерэальна прыгожую жанчынку‑алькагалічку — Іру з Аўтазу. Расказвае во цяпер, як яна ў адной камэры з аўганкамі сядзела, а яны круглыя суткі маліліся, і бедная Іра ня вытрымала такога вышкалу…

Хадзілі ў душ, а я Алёну бачыла! Праз шкло, у дзяжурнай частцы, яна, мабыць, Дашкевічу ці Фінькевічу перадачу прыносіла! Ндаа, яна мяне ледзь пазнала — канечне, у лыжных штанах і чужой ружовай кофтачцы…

Трэба зрабіць гімнастыку‑скокі, а то нешта пачынае ўжо ўсё балець… :)

Прынесьлі мне перадачу: Краснова, я цябе люблю! У мяне ёсьць ручнік! Чыстая бялізна! Тапачкі! Сшытак зь зёбрамі! І…. КНІЖКІ !!!!

Пра мянта. Адчыняе мент з грукатам дзьверы й гыркае: «Галіцкая, перадачу ідзі атрымлівай!»

Вядзе мяне па калідоры й дубінкай сваёй размахвае: тыпу, герой, злачынцу вядзе, канваір такі круты неймаверна… І тут дубінка ў яго падае на падлогу… Эфэкт аглушальны проста — на ўвесь калідор рэха… А я так «прызрыцельна» на яго глянула й кажу: «Што Вы робіце, гэта ж ня цацка, а сур’ёзная рэч!» Меньцік зачырванеўся, бедненькі, пакрыўдзіўся, напэўна.

29 сакавіка

Рана‑раненька прачнулася, зараз мент забярэ швабру й астатні «інвэнтар», паспрабую яшчэ паспаць. Ну чаму я не магу спаць так, як Атакулава?

Знову сьнілася лета, кветкі, кусты з парэчкамі… Гэта, напэўна, таму што халодна.

Хадзіла да доктаркі, яна мяне пабачыла, схапілася за сэрца: «Ой, не, дзетачка, чаму ты знову да нас?» Асечка таму што выйшла, цёця доктар, не сказала б, што мне дужа да вас хацелася…

Бачыла запіс у мэдычным журнале, знаёмым почыркам: «Здаровы, скаргаў ня маю. Дашкевіч Д.В.» :)

Прынесьлі перадачу, аддала палову сокаў нашай бамжысе, сказала — піце за здароўе Атакулавай Маўлюды:)

30 сакавіка

Пацяплела! Відаць, на вуліцы вясна :( А мы тут…

Сёньня мне хочацца плакаць, але я ня буду — я ня ўмею.

А Кася сёньня выходзіць, ужо пачала нэрвавацца й хадзіць па камэры. Апошні дзень — заўсёды самы цяжкі, нат калі гэта ўсяго толькі пяць сутак.

Іра распавядае, што ў яе было тры сужыцелі — два Вовы й адзін Колька, дык Вовы померлі, таму што Вовы, а Колька яшчэ жыве, таму што Колька. Такая вось вера ў магутнасьць імя. Увогуле, класная жэншчына!

Прынесьлі перадачу — Таньчына мама :) «Унесённые ветром» — клас! Буду чытаць пра Скарлет і ўзгадваць сваё шчасьлівае нетурэмнае дзяцінства :)

…Кася выйшла… Скарлет ужо на 250‑й старонцы, вось такая я апэратыўная… А Іра сказала: «Нічо, сонца, удзьвюх перакукуем!»

31 сакавіка

Я адчыніла фортку, паставіўшы бутэльку зь мінэралкай падпоркаю, празь яе — сонейка, у нас у камэры — вясёлка.

Іра зьняла шкарпэткі (адна шэрага колеру, другая — карычневага, прычым маю падазрэньне, што раней яны абедзьве былі белыя, і дзіркі ў іх… ну так, усяго толькі паўсюль…) і кажа : «Вой, якія ў мяне кіпцюры вырасьлі, можна па дрэвах лазіць!» Ноў комэнт. Аддала ёй пару сваіх шкарпэтак.

Пра Іру й маю бібліятэку

Іра: А можна я штоніць пачытаю?
Я: Ну, канечне, можна, выбірайце.

Калупалася, калупалася, уздыхала, мармытала штосьці, гляджу — выбрала!

Дзіцячую кніжку «Катя в игрушечном городе».

***

Заўтра ў Кіма суд, я хвалююся

1 красавіка

Хей‑хо, Іра хадзіла мыць падлогу ў ка¬лідоры й бачыла Фінькевіча :) Яго да доктаркі вадзілі. Я ёй тут ужо натрындзела пра «Малады фронт» і пра некаторых герояў, дык яна прозьвішча запомніла й, пачуўшы, зьвярнула на яго ўвагу. Стопудова вочкамі страляла, а там такая жэншчына — агонь :)

Отжыг Атакулавай

Калі чалавек бярэ сьнікерс
Абмотвае яго скотчам
Бярэ 2‑літровую скрыню соку
Пералівае сок у слоік
Распорвае дно скрыні
Кладзе туды сьнікерс
Заклейвае дно
І перадае ўсё гэта ў турму жудасна рэпрэсаванай сястры
То гэты чалавек — ня проста геній!
Гэты чалавек — АТАКУЛАВА!!!!!!

***


Кася Галіцкая

Нашыя прыходзілі сустракаць Круткіна, Маўлюда паклікала пад вакном мяне, я крыху высунулася ў фортку, трымалася за краты, паразмаўлялі. І Насту Лойку бачыла.

А пасьля прыйшла «мянтоўская падсьцілка» (с) Іра і сказала: «Ещё раз услышу — напишу рапорт, будешь ещё 15 суток сидеть, поняла меня?»

Ніякіх навінаў пра суд Кіма ня маю.

Кожны дзень прыносяць перадачы, прычым кожная піша ў заяве, што яна мне сястра — мянты, напэўна, афігеваюць, колькі ў Галіцкай сёстраў.

2 красавіка

Шостая раніцы. Зрабіла ўборку ў камэры, зрабіла гімнастыку‑скокі (інструктару прывет!), памыла галаву й напісала на «сцэне» «Пацаны ня плачуць!». На гэтым свае абавязкі на сёньняшні дзень лічу выкананымі.

3 красавіка

Я зачотна выспалася, бо завязала вочы ручніком, і лямпачка мне не перашкаджала! Геній!

Сяджу, чакаю, пакуль у душ адвядуць, тут адчыняюцца дзьверы… і мент заштурхоўвае ў камэру Паліну.

Я так і села. Толькі й змагла вымавіць «А Божа ж мой, Паліначка…» 10 сутак за акцыю, прысьвечаную «Дню Яднаньня», каля расейскай амбасады…

Чаму сядзяць заўсёды адны й тыя ж? Да нас падсялілі чатырох амаральных алькагалічак, ну проста страшныя бабы. На кожную іх рэпліку Паліна адказвае пакутлівым позіркам мне ў вочы… беднае сонца, як яна адна будзе?

4 красавіка, дзень выхаду на волю

Іра выйшла на волю, на разьвітаньне сказала мне: «Прашчай, сонца! Я Кольке раскажу, што з паліцічэскімі сядзела, ён абзавідуецца!»

…Чым бы заняцца, не магу больш…

Пайду на вакне павісю…

Размова

Кася вісіць на вакне, Паліна сядзіць на «сцэне»

Паліна: Ну й што там на волі адбываецца?
Я: Машынка паехала… А над намі хтосьці таксама на вакне вісіць…
Паліна: А ты адкуль ведаеш?
Я: Ды нам на шкло хтосьці плюнуў толькі што…

***

Шчасьліва, Паліначка, сонца, я прынясу табе яшчэ кніг і прыйду цябе сустракаць, загасі тут іх усіх!!!!!

Ну, тыпа, хэпі энд.

Кася Галіцкая

Глядзі яшчэ:
Пэгас за кратамі. Нататкі Сямёна Печанка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0