Шырока распаўсюджанае ўяўленне пра работу мозгу заключаецца ў тым, што левае паўшар'е адказвае за логіку, а правае — за эмоцыі і творчасць. Больш за тое, лічыцца, што людзі дзеляцца на характэрныя тыпы ( «рацыяналісты» і «інтуітывісты») у залежнасці ад перавагі таго ці іншага паўшар'я, перадае The Independent.

Джэфры Андэрсан з Універсітэта штата Юта правёў адмысловае даследаванне — ён параўнаў, як працуюць абодва паўшар'і галаўнога мозгу больш за тысячу чалавек. Высветлілася, што сувязі паміж участкамі былі размеркаваныя прыкладна аднолькавым чынам: іншымі словамі, ні адзін з абследаваных не валодаў больш моцнымі сувязямі ў адным з паўшар'яў.

«Вядома, некаторыя людзі дзейнічаюць больш лагічна і метадычна, а іншыя — больш інтуітыўна, імправізуючы. Аднак гэтая з'ява нічога агульнага не мае з функцыямі правага і левага паўшар'я», — адзначыў Джэфры Андэрсан.

На думку навукоўца, гэты міф паўстаў дзякуючы даследаванню Роджэра Сперы пра функцыі розных паўшар'яў, якое атрымала Нобелеўскую прэмію (1981). Аднак ідэя назваць іх «лагічным» і «эмацыйным» належыць выключна папулярнай псіхалогіі. Яна не пацвярджаецца ні даследаваннямі аб арганізацыі і функцыянаванні мозгу, ні гісторыямі хваробы пацыентаў, пацярпелых ад пашкоджанняў таго ці іншага паўшар'я. Папулярнасць гэтага міфа, відаць, заснаваная на схільнасці людзей да мыслення шляхам бінарных апазіцый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0