Містар Холмс
Рэжысёр: Біл Кондан
У ролях: Іэн МакКелен, Лора Ліні, Майла Паркер, Хіраюкі Санада, Хэці Морахэн, Патрык Кенэдзі, Роджар Алам
Вялікабрытанія, ЗША, 103 хв.
Адзнака: 8.

Самы знакаміты ў свеце дэтэктыў даўно адышоў ад спраў і праводзіць старасць у ціхай вёсцы ў клопаце пра ўласны пчальнік. У гаспадарцы яму дапамагаюць місіс Манро і яе сын Роджар.

Памяць усё часцей здраджвае Холмсу, і ён шукае лекі ад сваёй хваробы. Аднак яму не дае спакою успамін пра адну жанчыну і яе таямніцы, што засталіся нераскрытымі. Холмс вырашае знайсці разгадку справы, якая прымусіла яго сысці ў адстаўку больш як 30 гадоў таму.

Фільм зняты паводле рамана амерыканскага пісьменніка Мітча Каліна «Пчолы містара Холмса» (2005). Рэжысёрам стужкі стаў Біл Кондан, які атрымаў «Оскар»-1999 за фільм «Багі і пачвары» (найлепшы адаптаваны сцэнар), што таксама ўздымаў тэму старасці.

Галоўную ролю выканаў 76-гадовы брытанец сэр Іэн МакКелен, вядомы па ролі Гендальфа з «Уладара пярсцёнкаў» і «Хобіта», а таксама Магнета з «Людзей Ікс». Ён мае званне рыцара і камандора ордэна Брытанскай Імперыі.

МакКелен расказаў, што яму было нескладана ўявіць сабе Шэрлака Холмса ў жыцці, таму што падзеі фільма ў асноўным разгортваюцца ў гады яго ўласнага жыцця. Ён нават мог бы сустрэцца з дэтэктывам у 1947 (год, у які адбываюцца падзеі фільма), калі быў яшчэ, як Роджар, дзіцём.

У фільме Холмсу 93 гады.

Рыхтуючыся да здымак, Іэн МакКелен наведваў курсы пчалярства. У працэсе здымак яго не ўкусіла ніводная пчала.

Вядомы дэтэктыў паказаны ў стужцы больш жывым і сапраўдным чалавекам, чым у арыгінальных творах і іх экранізацыях. Гэта нямоглы стары, якому адчайна патрэбная дапамога ў побыце і які не хоча прымаць сваю хваробу.

Ён змагаецца за свой светлы розум з апошніх сіл. Аўтары фільма стварылі некананічны вобраз героя.

Стужка была высока ацэненая кінакрытыкамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?