Следчыя назвалі дзве асноўныя версіі таго, што здарылася ў школе аграгарадка Рацічы Гродзенскага раёна. Версія прымянення атрутных рэчываў не разглядаецца, заявіў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Іосіф Лявонка.

Праводзіцца шэраг экспертыз — аналізы крыві, мачы пацярпелых, узораў іх адзення. Праведзены замеры паветра як унутры школы, так і звонку, праводзяцца іншыя экспертызы, пра вынікі якіх будзе вядома ў найбліжэйшы час. Аднак ужо цяпер можна казаць, што версія прымянення атрутных рэчываў не разглядаецца», — адзначыў Іосіф Лявонка.

Паводле адной з рабочых версій, дзецям стала дрэнна ад таго, што ў памяшканні было душна. Дзеці сталі скардзіцца на дрэннае самаадчуванне падчас лінейкі, якая праводзілася на другім паверсе старога корпуса школы. Будынак не абсталяваны сістэмай прымусовай вентыляцыі.

«На момант агляду месца здарэння следчымі тэмпература паветра ў памяшканні складала каля плюс 26 градусаў. А да таго часу вокны ў памяшканні былі адкрытыя, можна толькі здагадвацца, якой была тэмпература падчас лінейкі», — распавёў Іосіф Лявонка.

Акрамя таго, падчас агляду на вокнах, падваконніках былі выяўленыя сляды сажы. У момант здарэння вецер дзьмуў ад кацельні ў бок школы, сырое надвор'е прыбівала дым да зямлі. Таму ў межах крымінальнай справы будзе праверана работа кацельні, адпаведнасць праектнай дакументацыі патрабаванням бяспекі. Зрэшты, перавышэння максімальна дапушчальнай канцэнтрацыі чаднага газу не выяўлена, хоць яго ўтрыманне ў паветры было вышэй за мінімальны парог.

Нагадаем, 11 лютага былі шпіталізаваны 42 вучні Раціцкай сярэдняй школы, папярэдні дыягназ гучыць як «атручэнне няяснай этыялогіі». На працягу двух наступных сутак усе пацярпелыя былі выпісаныя з бальніцы. Будынак школы ў Рацічах пакуль пустуе — дзеці вучацца ў Сапоцкіне, за 7 кіламетраў ад аграгарадка Рацічы. Заведзеная крымінальная справа па факце службовай нядбайнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?