Чакаецца выхад новага ўказа прэзідэнта, які рэгулюе аплату жыллёва-камунальных паслуг, паведаміў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з калектывам Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта 2 сакавіка.

«Ва ўсіх на вуснах сёння тэма ЖКГ. Тарыфы зацвярджаюцца ўрадам, і ўсе ў краіне плацяць аднолькава, — цытуе Мясніковіча БелТА. — Калі ёсць нейкія недахопы, то яны не ў сістэме, а ў тым, як гэта ўсё разлічваецца і выстаўляецца ў жыроўках. І яшчэ: усе мы, спажыўцы паслуг, павінны разумець, што найбліжэйшым часам давядзецца аплачваць 100% кошту гэтых паслуг».

«Але тут ёсць адзін нюанс — калі гаворка ідзе пра ўзровень кампенсацыі. Расходы на аплату насельніцтвам ўсіх відаў жыллёва-камунальных паслуг у цэлым не павінны перавышаць пэўны парог», — дадаў спікер верхняй палаты парламента.

Паводле яго слоў, Савет Рэспублікі і ўрад ужо падрыхтавалі дакументы, неабходныя для прыняцця адпаведнага ўказа.

«У прапановах, якія ўжо адпрацаваныя (хоць я не магу сцвярджаць, што яны будуць прынятыя ў такім выглядзе), ёсць абмежаванні для маламаёмных суб'ектаў гаспадарання і хатніх гаспадарак, — сказаў Мясніковіч. — Калі выдаткі на аплату ЖКП у горадзе перавышаюць 20% сукупнага даходу сям'і (уключаючы пенсіянераў, студэнтаў і гэтак далей), то ўсё, што звыш, будзе кампенсавацца за кошт бюджэту. І 15% — мяжа ў сельскай мясцовасці, да якой адносяцца і большасць райцэнтраў».

«Калі даводзіцца чуць у СМІ пра тое, што трэба будзе аддаваць увесь заробак або пенсію на аплату камунальных паслуг, — гэта не так. Гэта не адпавядае сацыяльнай палітыцы нашай краіны», — падкрэсліў Мясніковіч.

Нагадаем, у студзені субсідаваныя тарыфы на ацяпленне і падагрэў вады выраслі ў Беларусі на 33,3%, на халодную ваду і каналізацыю — у 3,54 разы. Поўны тарыф на ацяпленне і падагрэў вады павысіўся на 83,4%, электраэнергія падаражэла на 29,5%. На фоне падзення зарплат рэзкае падаражанне паслуг ЖКГ выклікала вельмі негатыўную рэакцыю ў грамадстве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0