Поўнай перамогай для беларусаў скончыліся Пятыя міжнародныя спаборніцтвы снайпераў падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння, якія адбыліся ў канцы лютага ў падмаскоўным горадзе Балашыха.
Галоўнай мэтай турніру, піша партал defendingrussia.ru, быў абмен досведам і праверка ўзроўню падрыхтоўкі снайперскіх пар ў стральбе на кароткіх дыстанцыях ва ўмовах, максімальна набліжаных да баявых.
Вінтоўка магла быць любой, і гэта не замінала сумленнай барацьбе, заяўлялі суддзі, бо стральба адбывалася на дыстанцыях ад 40 да 200 метраў, а на такіх адлегласцях усе вінтоўкі прыкладна аднолькава вырашаюць пастаўленыя задачы.
Спачатку снайперы зрабілі 8-кіламетровы марш-кідок да стралковага палігона. Там іх чакалі практыкаванні «Праца з засады» (рух па-пластунску і сінхронная стральба з напарнікам), «Праца з транспартнага сродку» (стральба праз шкло), «Высотка» (стральба з верхніх паверхаў і потым эвакуацыя праз акно), «Рухомая мішэнь», «Мішэні з тылу» (пісталетная стральба), «Класіка» (500 м прабежка, стральба з вінтоўкі), «Мішэні з закладнікамі» (сінхронная з напарнікам стральба на 200 м).
У турніры ўдзельнічалі 23 каманды розных падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння з РФ і Беларусі.
Па выніках усе прызавыя месцы занялі каманды МУС і КДБ Беларусі:
1 месца — Спецыяльнае падраздзяленне па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» МУС РБ
2 месца — Група «А» КДБ РБ
3 месца — яшчэ адна каманда беларускага «Алмаза»