Жыцьцё ня дужа мяне песьціла,
О, гэта «мілае Акрэсьціна»
    I

Фота Ігара Марачкіна
    Прымаў бяз правілаў гульню
    Дыктатара, мянта, амапу.
    Я бачу д’ябла… Сатану.
    Дзьве дзюркі ў носе. Рогі, ляпа.
    Прымаў бяз правілаў гульню.
    Незамутнёнымі вачыма
    Гляджу на іх. І не ганю…
    Нібы скарыўся гэткім чынам.
    Зачыстка. Арышты. Разгон…
    Маё тут топчуць далакопы.

    Замоўк. Зьнямеў «Свабоды звон».
    Мы заляглі ў свае акопы.

    Такое нам не навіна.
    Я ў эпіцэнтры калатэчы.
    Ідзе сапраўдная Вайна.
    Не адсядзісься, дзед, на печы.
    ІІ
    Майстэрня — мой агітплякат,
    А за сьпіной ня брат, а хват
    Ў маім апірышчы сьвятым.
    А я стаю між гэтым‑тым.
    Дзень Волі —
    Ўгодкі БНР.
    Спадзеў на заўтра…
    А цяпер
    Мяне сьвідруюць злыя вочы,
    Ня дужа зь імі я ахвочы
    Размовы весьці. Дыялёг…
    Мне не цікава. Бачыць Бог,
    Я не герой. І я ня трус.
    Ў маёй майстэрні ператрус.
    Учэпісты гэбіста‑штазі
    Па лесьвіцы кудысь залазіць.
    Хапае кніжку Пазьняка,
    І далей цягнецца рука.
    Недаспадобы яму «Плошча»,
    Дождж за вакном, што ўвосень хвошча.
    Хапун брутальны… Бруд. Мана.
    І гэта, браце, не гульня…
    Ня рады я нязваным госьцям.
    А мент паганы піша штосьці
    Ў казённы ліст словы ня тыя,
    Аднекуль побач панятыя.
    ІІІ
    Абрабавалі, як маглі —
    Бярэмя лёзунгаў, плякатаў,
    У пастарунак павязьлі
    І кінулі мяне за краты.
    Назаўтра наш «гуманны суд»
    Судзіў мяне.
    За што?.. Я знаю!
    Наверсе моцны перапуд —
    Для шэсьця нешта я трымаю.
    Пра мову пэндзлем напісаў,
    Што БНР для нас як сьвята.
    Людзей на плошчу заклікаў.
    Намаляваў дужа багата.
    Партрэты нашых дзеячоў:
    Купала, Колас, Гартны, Цётка…
    Луцкевіч, Тамаш Грыб, Ткачоў.
    Былі ад некага наводкі.
    Яны ў майстэрню прывялі.
    Дубы спэцназу. Тры ствалы.
    Хоць падай, хоць калом ты стой —
    І ззаду, сьпераду канвой.
    За мною варанок зь мігалкай,
    Тры мусары з дубінкай‑палкай.
    IV
    — Мы МУС… Закон.
    Мы харашы.
    Працуем тут не за грашы.
    Чытай, мазіла…
    Падпішы
    І далей болей не грашы!
    …А ў пратаколе тым праклятым
    Напісана, што крыў іх матам.
    Пяхцерыў падлу, гламазду.
    Сарваў пагон… зь яго зьвязду.
    У галаве якой тут коні?
    Навошта мне вашы пагоны.
    Мой сымбаль — Вольная «Пагоня»
    І бел‑чырвона‑белы сьцяг.
    Чытайма далей… Так.
    Працяг.
    V
    Снапамі сьцеляць на Нямізе.
    Мэтро праносіцца ўнізе
    На плошчы клясыка Якуба.
    Малоцяць нашых
    Жорстка… груба.
    Сядзіць задумліва наш Колас
    І чуцен нам ягоны голас:
    — Браточкі мілыя!
    Сымонка! Хопіць граць.
    Няўжо вусатага ніяк вам
    Не суняць,
    Каб гэтак каля ног маіх
    Вас гналі і тапталі?
    Няўжо «ТАКОГА» вы асьлепла
    Выбіралі?
    І гэта вы?
    Шаноўны мой народзе!
    Адкуль чужынцы тут
    На вашым агародзе?
    Сьляды варожыя!
    Прыблуды топчуць гоні!
    Зьдзек з нашых сымбаляў
    І нашае «Пагоні».
    Міколка! Дзе твая за пазухай
    Граната?
    Што, хлопча, кажаш ты?
    Няшмат нас. Малавата…
    Нічога… Справімся.
    Абыдземся бяз НАТА.
    Талаш! Цягні з патронамі
    Сваю цяжкую скрыню!
    Хутчэй гукай ты Цётку!
    Каліноўскага! Скарыну!
    До! Хопіць гнуць перад дурнотай
    Сьпіну!
    Ня бойцеся! Ня страшцеся дарма.
    Схаваўся ў Дразды.
    Ты глянь! Яго няма!
    Мне, дзеткі, бачна ўсё тут зьверху,
    З п’едэсталу.
    Хоць нема закрычы.
    Жыцьцё і вас дастала!
    Страх ён ня птах.
    Ня вольная жар‑птушка.
    Нехта залез на дах.
    Ў руках граната, «пушка».
    Запозна… Ночанька закрэсьлена,
    Мяне прывезьлі на Акрэсьціна.
    Прытулак нашай апазыцыі.
    Твар да сьцяны — мая пазыцыя.
    Гатовы я тут жыць і спаць.
    Ня гэтак страшна — сутак пяць
    Тут есьці кашу, баланду…
    Ганяць па камэры балду.
    Жыцьцё ня дужа мяне песьціла.
    О! гэта «мілае Акрэсьціна!»
    У іх вачах я брыдкі, гадкі.
    Спазнаў Акрэсьціна парадкі.
    Навокал краты і мянты.
    Нарэшце апынуўся ты
    У тым «шматзорачным гатэлі».
    Як нас кармілі!
    Што мы елі!
    Як тыя парсюкі ў загоне.
    Вусач галоўны, хто на троне,
    Баюн РБ, наш дырыжор —
    Ў жыцьці такога ён ня жор.
    От, каб да нас яго сюды!
    Хоць бы на тры якіх гады.
    VІІ
    Я сёньня ў гэтай рэзэрвацыі.
    Ня трэба, «жэншчыны», авацыяў.
    Ня Шчукін я. Тут першы раз.
    Сьцяна… Параша‑ўнітаз.
    Катлетадзень, што працадзень.
    Хаджу туды‑сюды
    Як цень.
    Ня дні лічу, лічу гадзіны…
    Задумы для маёй карціны…
    Была «Сьцяна». Малюю «Дзьверы»
    Перада мною ліст паперы.
    Накрэсьлю ўсё як мае быць.
    І каб, канечне, не забыць
    Графіці, надпісы, імёны.
    Хто ў гэтай камэры.
    Праклёны.
    VІІІ
    Не заракайцеся дарма:
    Cустрэне кожнага турма!
    На волі, хто рассуне краты,
    І калі ты змагар заўзяты,
    Свабода ў сэрцы
    Наша слоўка.
    Не абміне цябе
    Мянтоўка.
    * * *
    Пад галаву кулак, далонь.
    Ты не пытайся пра мой сон.
    Які там сон? Параша — трон.
    Навошта нам адэкалён.
    Маіх трызьненьняў каляжы —
    Ў абдымках побач усе бамжы.
    На лёс ня дужа наракай,
    Ня пекла гэта і ня рай,
    Ня Ўганда, не Заір, Аўган.
    Мне сьніцца «Сьцінгер».
    Ён… наган.
    Над намі лямпа Ільіча.
    Я вылічаю стукача.
    Ён тут, ён побач. Недзе збоку.
    За мною сочыць яго вока,
    Я безь яго ані ні кроку.
    Ён недзе тут, ён недалёка.
    Знаёмы сьмех… Прыколы, жарты.
    Не адкрывае свае карты
    Мой летапісец‑інфарматар.
    Відаць, што профі, не аматар.
    Нічога супраць я ня маю,
    Амаль за сябра ўжо прымаю.
    Мая адседка — ён за працай.
    Такі ўжо лёс.
    А як іначай?
    А каб было да месца, ладу,
    Кляне ЯГО, мянтоў, уладу…
    Мой «мілы друг», ты мне прабач.
    Цябе я вылічыў — стукач.
    Мая пазыцыя. Маўчы.
    Прысьніцца падла уначы.
    ІХ
    Я бачыў шмат чаго
    І раскажу вам шмат.
    Мяне судзілі за расейскі мат,
    За мой «язык», за «брань»,
    За «сквернословия».
    Расейскай мовы
    Не ўжываў ні слова я.
    У мове нашай іншы ёсьць праклён:
    Каб цябе пранцы!
    Згінь ты, д’ябла! Вон!
    Каб цябе качка, хлопча, убрыкнула!
    — Ах, ты нягоднік! Йітык… Валацуга!
    — А каб цябе, зараза, валянтоўка!
    Калі ў шкоду Маньчына кароўка
    Паперлася наўпрост, як блуданула,
    Ня чуў, каб што‑небудзь расейскае загнула.
    — А каб табе ні імяні, ні званьня, —
    На некага крычала бабця зраньня.
    Біць тваю медзь! Каса не пакляпана.
    Ты што, Ляксейка, захварэў на пана?
    Яшчэ пачуў — пазычылі ў ляха.
    Куды майго зьвяла!
    Падсьцілка, курва, бляха!
    Йідрыттвой корань! Дрэнь тут качаны.
    Клялі, ня гледзячы на званьні і чыны.
    — Маць пройбу з зайбаю!
    (У гневе быў Антон), —
    У нашай лаянкі
    Такі адметны тон.
    Свой калярыт. Свой шарм.
    Свая адмеціна.
    …Расейскі мат ў расейцаў
    Запазычыў я,
    Калі вусаты ўзаконіў
    «двуязычыя».
    І я, бязмоўны, стаў языкаватым
    І на чым сьвет стаіць
    Спэцназ, мянтоў, —
    Крыў матам.
    * * *
    На сэрцы шнар,
    Зарубіна.
    Нячутае ўпісалі.
    Праўда наскрозь
    Загублена.
    За гэта ім мэдалі…
.
    Чацьверты дзень… Тэрмін малы.
    Нарэшце я
    Вам апішу, хто побач
    У Акрэсьціна.
    Сусед‑падзельнік.
    Мілы твар.
    Да часу гэтага нязнаны.
    Хлапец з Баранавіч.
    Кашкар.
    Мянтамі хутка апазнаны.
    На сутак пяць — ягона «хата».
    Ён для мяне нібы за брата.
    Так ёсьць. Было…
    Так павялося.
    Мой хвост. Мой цень…
    Мне так здалося.
    Халодна, зябка, вузка «хата».
    За дэмакратыю мне плата.
    А недзе ж блізка Вільня.
    НАТА.
    * * *
    Цыгаркаю Кашкар дыміў,
    Смактаў, цягнуў, як тую соску.
    Быў далікатны, не хаміў.
    Жыцьця ня сьветлая палоска.
    Два алькашы,
    Сінюгі два
    Сюды патрапілі за п’янку.
    Як родны дом для іх турма.
    Чыфір глытаюць гэтак зранку.
    Яшчэ адзін — завуць Талян.
    Канфуцый, Бэндэр, Казанова…
    Ён тут як свой. Дружбан‑пацан.
    І болей пра яго ні слова.
    Х
    Мы ў камэры другой.
    Нас лічаць зноў і зноў.
    Тут восем братаноў,
    Шаснаццаць рук і ног
    У інвэнтарнай кнізе.
    Наверсе подпіс мой,
    Начальнікаў — унізе.
    Адных адсюль вязуць у ЛТП,
    Хто вёдрамі гарэлку хлешча, п’е.
    Хто там на волі гэтакі бязвольны.
    Ня можа жыць бяз пойла, гары горкай.
    Другіх сюды за бойку пасадзілі,
    Былі ня буйныя. Ня хныкалі, ня нылі.
    Курылі «Прыму», жорстка гумарылі.
    ХІІ
    Каб не забыць,
    Сказаць мне дужа варта:
    Тут у палоне я
    Турэмнага фолк‑арту.
    Здарэньні, факты, анэкдоты.
    Наперад знаюць, скуль ты,
    Хто ты.
    З газэты зробяць «аўтамат».
    Соль зь перцам там
    Турэмны мат.
    Як без запалак запаліць
    Цыгарку. Расьпілоўваць краты.
    Як суткамі ня есьці
    І ня піць,
    Быць да канца не вінаватым,
    Па блату трапіць у шпіталь,
    На волю выслаць тэлеграму.
    Зрабіць з цыгаркі нож,
    Што сталь,
    І, не выходзячы, у краме
    Купіць вадзяру…
    Сок. Пітва.
    О, то сябры,
    О, то братва!
    Во, Акадэмія навук!
    Якая мудрасьць!
    Воля, хватка!
    О, колькі прападае рук
    І за нішто!
    Вось так, мой братка.
    ХІІІ
    Акрэсьціна.
    Ахрысьцілі цябе.
    Маршрут знаёмы —
    Проста на Прылукі.
    Каго яшчэ ў гэтай
    Барацьбе
    Павяжуць…
    І на выкрут рукі.
    Тут на сьцяне мэмарыяльны
    Бляск
    >Забранзавелых шыльдаў
    Нашых вязьняў.
    І чуецца нязвыклы,
    Тупы ляск.
    І нехта нечым аб падлогу
    Бразнуў.
    За кратамі там
    Сэрцы змагароў.
    Юначы дух нязломных
    Маладзёнаў.
    Хай цмок балотны
    Пляжыць зноў і зноў.
    Рунь зелянее…
    І на квецень гоні.
    Мы ўсіх успомнім —
    Не забудзем тых
    Юначых, мудрых, сталых
    Маладых,
    Хто тут за Беларусь
    Прымаў пакуты.
    Ірваў накінутыя хватам
    Путы.
    Вас не забыць…
    Пра вас ідзе гаворка…
    Вінцук, Бяляцкі, зух
    Франак Вячорка.
    Нязломны духам
    Віктар Івашкевіч
    І малады зусім…
    Юнак Зьмітрук Дашкевіч.
    Той сьцежкаю прайшоў
    І наш «адзіны»
    А.Мілінкевіч, неразлучнік Іны.
    Я без мэтафараў,
    Кручастых загагулін
    Скажу як ёсьць —
    Пакутнік А.Казулін.
    Ішоў на шчытаносцаў,
    На сьцяну,
    Ня мог прыняць падман,
    Хлусьню, ману.
    Яшчэ ня ўсе:Яшчэ наш вернік Паша.
    Надзея сьветлая
    І пэрспэктыва наша.
    Халодны сівер Севярынца
    Не зьлютуе.
    Малітву Паўла
    Беларусь пачуе.
    Хто там ня быў,
    Ну, ведама,
    Шчасьліўчык.
    Галадаваў Хадыка Юра,
    Сіўчык.
    Адчайна разам йшлі
    Бязь ляманту і крыку.
    Давайце прывітаем мы
    І Славу, і Хадыку.
    ХІV
    Як «любяць» Шчукіна мянты!
    З ГБ, спэцназам ён на ты.
    Яны таксама не ў даўгу.
    На Камсамольскай, на рагу
    Залегла «Паўліка» засада.
    Ёй на падмогу тры атрады.
    — Алё… Алё. Я «астра‑7» —
    — Аб’ект на месьце?
    — Не саўсем!
    Ён не адзін. Народ. Паслы…
    Во ўжо калёнаю пайшлі!
    — Бярыце жостка Бараду!
    Хватайце з «шэсьця» на хаду.
    — Как слышно? Так…
    Пасьля ўваліце.
    Пры сьведках дужа вы ня біце.
    Ірвуць кашулю
    на анучкі.
    Узялі Шчукіна
    пад ручкі.
    О, колькі нашага
    народу
    Ў «гатэлі» гэтым
    кантавалі.
    На дошкі голыя
    кідалі.
    Мазынскі ставіў там
    «На дне».
    Ах, не пашчасьціла
    так мне!
    Куды пазьней спазнаў
    няволю.
    А мог бы й Мара
    сыграць ролю.
    Дарогу перабег
    Кішкурна.
    Ён за мяне куды
    «глямурны».
    Як пераскочыш,
    скажаш — гоп!
    Ў «Тутэйшых» быў
    сапраўдны поп.
    Хоць зьлеплены не
    з маскаля.
    Фэйс не такі,
    відаць здаля.
    ХV
    Сумленьне… Ісьціна —
    Сьвятое.
    Пісаў і седзячы, і стоймя.
    Па памяці. Было й з натуры,
    Хапала рознай кліентуры.
    Якія вусы і насы!
    На лысіне тры валасы!
    І ты пабачыць гэта хочаш?..
    Як глянеш, братка —
    Зарагочаш.
    Сьмяемся — значыць, ёсьць надзея.
    І сэрца ўжо не халадзее.
    * * *
    Вясна…
    Акрэсьціна, як сон,
    Дзяжурны да мяне:
    — Свабодны, Мара.
    І я, не захапіўшы парасон,
    Іду праз град паклёпаў.
    Вецер, хмара…
    Яшчэ я тут.
    Ды ўжо мяне няма.
    Я разьдзяліў на хвілю
    З тымі долю,
    Каго «прылашчыла»
    Суворая турма.
    Наеўся кашы тут.
    На волю, брат,
    На волю!
    24—29 сакавіка 2008 г.,
    Менск. Акрэсьціна

Глядзі яшчэ:
Сямён Печанко: Пэгас за кратамі
Турэмны дзёньнік Касі Галіцкай

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру