Прэс-сакратар прэзідэнта Украіны Святаслаў Цеголка апублікаваў у «Твітары» спасылку на спіс грамадзян Расіі, нібыта якія загінулі ў ходзе ўзброенага канфлікту ў Данбасе, складзены добраахвотніцкай групай «Груз 200 з Украіны ў Расію».

У спісе значыцца 2081 чалавек — яны пералічаны ў алфавітным парадку, у большасці пазначаны імя, імя па бацьку, прозвішча, даты нараджэння і смерці (у некаторых - прыблізна), у шматлікіх - пазыўны, родны горад, часам — вайсковае званне, нумар вайсковага падраздзялення, месца гібелі або пахавання.

«Груз 200» штомесяц публікуе новую рэдакцыю гэтага спісу ў «Фэйсбуку», аднак афіцыйны Кіеў на дадзеныя валанцёраў спаслаўся ўпершыню. Аператыўна праверыць гэтыя дадзеныя ў незалежных крыніц не ўяўляецца магчымым.

Праз некалькі гадзін спасылка ў твіце Цеголка перастала працаваць, аднак спіс па-ранейшаму даступны на старонцы валанцёраў ў «Фэйсбуку».

У прэс-службе Міністэрства абароны Расіі Рускай службе Бі-бі-сі адмовіліся каментаваць гэтую публікацыю, спаслаўшыся на выходны дзень, аднак з самага пачатку ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны Масква паслядоўна адпрэчвала ўсе абвінавачванні ў тым, што там ваююць кадравыя расійскія вайскоўцы.

Раней, 29 лютага, міністэрства замежных спраў Украіны заявіла, што «з моманту пачатку агрэсіі» на ўсходзе краіны загінула 2600 служачых украінскай арміі, звыш 9000 атрымалі раненні. За месяц да гэтага прэзідэнт краіны Пятро Парашэнка ацэньваў колькасць загінуўшых у Данбасе ўкраінскіх вайскоўцаў у 2269.

Кіеў абвінавачвае Расею ў падтрымцы ўзброеных прыхільнікаў самаабвешчаных рэспублік у Данбасе, Масква абвяргае гэтыя абвінавачванні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?