16 красавіка 2006 году ў Заслаўі праведзены V пленэр маляванага дывана, прысьвечаны славутай народнай майстарцы Алене Кіш, 100-гадовы юбілей якой адзначаецца сёлета. Для ўдзельнікаў пленэру абвешчана 3 тэмы і 3 намінацыі: акрамя тэмы жыцьця і творчасьці Алены Кіш, тэмы Вялікадня і cтаражытнага Заслаўя.

Пленэр, што стаў традыцыйным, аб’ядноўвае мастакоў вельмі розных паводле ўзросту, адукацыі, творчага досьведу. Для гэтага ёсьць важкія падставы, якія ўтрымліваюцца ў самой традыцыі народнага мастацтва, у прыватнасьці — у маляваных дыванах Алены Кіш і іншых майстроў гэтага віду мастацтва.

У Заслаўскім музэі-запаведніку сабрана найбольшая ў Беларусі калекцыя рарытэтных маляваных дываноў. У ёй майстэрства Алены Кіш рэпрэзэнтаванае яе найлепшымі творамі, таму зусім натуральна, што Заслаўе пераўтварылася ў той асяродак, дзе гэты самабытны традыцыйны для Беларусі від народнай творчасьці трапіў пад пільную ўвагу сучасных мастакоў і дасьледчыкаў мастацтва. Тут паводле мастацтва маляванага дывана праводзяцца навуковыя канфэрэнцыі, на якіх вядомыя мастацтвазнаўцы і дзеячы мастацтва выказваюць свае думкі і тэорыі, ладзяцца і пленэры, выставы маляванага дывана, дзе мастакі самых розных паглядаў і творчых стыляў спрабуюць адшукаць повязь у сваёй творчасьці з тымі глыбіннымі пластамі сьветабачаньня, што ўвасобленыя ў лепшых творах нашых славутых майстроў інсытнага мастацтва.

Вольная імправізацыя, даступнасьць і лёгкасьць тэхнічнага выкананьня, дэкаратыўнасьць і выразнасьць формаў, ляканічнае і яснае выказваньне ідэі прывабліваюць паспрабаваць сябе ў гэтым відзе творчасьці абсалютна розных людзей. Часам гледачы, што трапілі на пленэр выпадкова, з ахвотай бяруцца за пэндзлі і далучаюцца да працэсу маляваньня, дэманструючы цікавыя вынікі. Заўжды сьвята пленэру ўтварае тую незвычайную атмасфэру, дзе пануе адзіны творчы парыў, што здольны аб’яднаць самых розных людзей, сьціраючы рознасьць узростаў, прафэсійнай падрыхтоўкі, творчых манераў. Гэта як на сьвяце Купальля, дзе вогнішча адраджае нешта глыбіннае, патаемнае ў сховах душ розных людзей — і сталых, і маладых.

Агранізатарамі пленэру, як заўжды, сталі мастакі, што жывуць і працуюць у Заслаўі і ўваходзяць у Творчае грамадзкае аб’яднаньне «Мастак». Да іх далучыліся студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вучні мастацкага каледжу ім.Івана Ахрэмчыка. Побач малявалі вядомыя беларускія мастакі — выкладчыца Акадэміі мастацтваў Вольга Сазыкіна, мастак Алесь Марачкін, скульптары Алесь Шатэрнік і Гэнік Лойка і іншыя.

Пленэр праходзіў падчас сьвята праваслаўнай Вербнай нядзелі на вуліцы Замкавай, што вядзе да заслаўскага храму і старадаўніх Валоў. Тысячы жыхароў Заслаўя ў гэты сьвяточны сонечны дзень назіралі за працай мастакоў, задавалі пытаньні, актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаваньні твораў. Добрае надвор’е, шматлюдная сьвяточная атмасфэра спрыялі творчаму настрою і зьяўленьню многіх выдатных, арыгінальных твораў. Маляваныя дываны з гэтага пленэру будуць паказаны на розных мастацкіх выставах і, безумоўна, стануць здабыткам самабытнага і ў многім сучаснага віду мастацтва Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?