У Мінскім гарадскім судзе працягваецца працэс па самай гучнай у гісторыі Беларусі справе аб распаўсюджванні наркотыкаў. Чацвёрты дзень ідзе допыт абвінавачванага Марата Багеля. Абвешчаныя паказанні падсуднага, якія ён даў на стадыі папярэдняга следства. У прыватнасці, Багель прадставіў схему, як супрацоўнікі КДБ і МУС «крышавалі» наркадылераў.

Галоўным фігурантам справы праваахоўнікі называюць Канстанціна Вілюгу, 31-гадовага жыхара Мінска. У абвінавачванні адзначана, што ў 2011 годзе ён стварыў сайт LegalMinsk, праз які распаўсюджваліся забароненыя рэчывы. Паводле звестак галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС, Вілюга кантраляваў практычна ўвесь рынак псіхатропаў у краіне, а таксама здолеў стварыць філіялы ў расійскіх гарадах.

Багель, з допыту якога пачаўся суд, займаўся распаўсюджваннем курыльных сумесяў у Расіі. Вядома, што ён заключыў дасудовае пагадненне, г.зн. прызнаў віну і актыўна супрацоўнічаў са следствам. Абвінавачаны напісаў чатыры яўкі з пакаяннем. У адной з іх ён падрабязна распісаў схему, як праваахоўнікі «крышавалі» наркадылераў.

Так, паводле слоў Багеля, на чале ўсёй злачыннай групы стаяў Вілюга, якому падпарадкоўвалася чатыры чалавекі: Канстанцін з ГУБАЗіК, Дзмітрый з КДБ, Андрэй Сілін і Андрэй Працэвіч. Апошні праходзіць абвінавачваным па «справе 17». На лаве падсудных таксама два былыя супрацоўнікі КДБ — Дзмітрый Вераценскі і Ігар Карыцкі — і былы работнік ГУБАЗіК МУС Канстанцін Дзенісевіч.

У злачыннай схеме, са слоў Багеля, таксама фігуравалі Сяргей Рыбко (узначальваў філіялы ў Расіі, зараз затрыманы, вырашаецца пытанне аб яго экстрадыцыі ў Беларусь) і яшчэ два супрацоўнікі ГУБАЗіК — Сілін (цёзка альбо сваяк вышэйназванага Сіліна) і Макурын.

Са словаў адвакатаў Вілюгі вядома, што яўкі з пакаяннем, якія даў Багель, напісаныя розным почыркам. Але абвінавачваны настойвае, што ён уласнаручна пісаў усе заявы. «У мяне почырк мяняецца, як настрой», — заявіў ён у судзе. Почырказнаўчая экспертыза па гэтым пытанні пакуль не праводзілася.

У судзе абвешчаны перапынак да 10 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?