Ранняя і сухая вясна абвастрыла пажаранебяспечную сітуацыю ў прыродных экасістэмах Гомельскай вобласці — пачаліся травяныя пажары. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар абласнога ўпраўлення МНС Ксенія Шынгірэй.

За апошнія суткі зарэгістравана два пажары травы і кустоў — у Рэчыцкім і Нараўлянскім раёнах. Агульная плошча ўзгарання склала 3,2 га. «Абедзьве крыніцы ўзгарання знаходзіліся паблізу рэк. Хутчэй за ўсё, гэта былі непагашаныя вогнішчы ці кінуты недакурак. Учорашні святочны дзень быў вельмі цёплым, таму многія жыхары вобласці выехалі на прыроду. На жаль, для некаторых паняцце пажарнай бяспекі не стала пакуль нормай жыцця», — лічыць Ксенія Шынгірэй.

У цяперашні час у Гомельскай вобласці цалкам адсутнічае снежнае покрыва. Большасць рэк яшчэ ў лютым вызваліліся ад лёду. Па прагнозах, вясновай паводкі не будзе. Вільгаці няма ні на лугах, ні ў лесе.

«Ва ўмовах недахопу вільгаці ў экасістэмах асаблівую занепакоенасць супрацоўнікаў МНС выклікаюць так званыя травяныя палы. Калі здараецца зацяжная вясна, леташнюю траву амаль не выпальваюць. А вось летась, напрыклад, за суткі рэгістравалася да 10 выпадкаў несанкцыянаванага выпальвання расліннасці. Часам гэта станавілася прычынай знішчэння будынкаў і нават гібелі людзей», — сказала прэс-сакратар.

Ратавальнікі маюць намер максімальна ўзмацніць прафілактычную працу па прадухіленні выпадкаў выпальвання леташняй травы і заклікаюць жыхароў вобласці праяўляць максімальную асцярожнасць пры абыходжанні з агнём падчас навядзення парадку на зямлі і адпачынку на прыродзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?