Захад здаў Пуціна ўкраінцам :) Кіеў атрымаў стэнаграму закрытага паседжаньня саміту НАТО ў Бухарэсьце.

Дагэтуль размовы пра тое, што расейскі прэзыдэнт пакрыўдзіў украінцаў, грунтаваліся на вольным пераказе ягоных тэзаў. Масква ўсё адкідала як правакацыйную хлусьню. Стэнаграма сьведчыць, што Ўладзімер Уладзімеравіч усё ж нахамутаў. Бязбожна завысіў долю этнічных расейцаў у суседняй краіне (замест 17% сказаў: 17 мільёнаў!), адвольна трактаваў крымскае пытаньне, зазначыў, што "поўдзень Украіны цалкам, там толькі адны расейцы". Нарэшце, зрабіў шэраг рызыкоўных намёкаў тэрытарыяльнага кшталту…

Рэч ня ў тым, што памочнікі падсунулі ня тыя лічбы ды факты. У гэтым сьпічы прарвалася сапраўднае стаўленьне расейскага істэблішмэнту да ўкраінскай незалежнасьці. Дыпляматычныя рамкі прымушаюць яшчэ падшукваць болей-меней паліткарэктныя фармулёўкі, кшталту: Украіна ёсьць зонаю нашых стратэгічных інтарэсаў. Але калі адбываюцца такія вось эмацыйныя выкіды, як у Пуціна ў Бухарэсьце, то лішні раз пераконваесься, што ў падкорцы маскоўскіх кіраўнікоў трывала сядзіць перакананьне: "Малороссия" ніякая не дзяржава, яе насельнікі — ніякая ня нацыя, і ўся гэтая "самостийность" — толькі гістарычнае непаразуменьне.

Ці трэба даводзіць, што гэтакае стаўленьне яшчэ мацней экстрапалюецца на Беларусь? Тым болей што ў гэтым выпадку і арытмэтыкай этнічнай расейскасьці маніпуляваць няма патрэбы. Само тутэйшае начальства ахвотна прызнае мясцовае насельніцтва складнікам "адзінага народу", або, у лепшым выпадку, "расейцамі са знакам якасьці".

Шэраг нашых аналітыкаў мяркуюць, што рух Украіны ў НАТО выгадны афіцыйнаму Менску. Маўляў, на гэтым тле ў вачох Крамля падвышаецца каштоўнасьць вайскова-стратэгічнага хаўрусу зь Беларусьсю і яе кіраўніцтва атрымлівае шанец выгандляваць працяг прэфэрэнцыяў.

Мне ж падаецца, што абяцаньне "легчы пад танкі НАТО" ўжо дастаткова дэвальваванае. І Масква, бадай, ва ўсё большай ступені будзе кіравацца меркаваньнем "куды ён дзенецца з падводнай лодкі?". Так што зьніжак надта не дадуць, а вось у сваю арбіту яшчэ мацней уцягнуць.

Між тым натаўскі трэнд Украіны ўжо адгукаецца. Пратачыліся зьвесткі, што наша Міністэрства абароны распрацоўвае абмежаваньні для афіцэраў ды іншых службоўцаў, датычных да розных сакрэтаў, у пытаньні выезду на Ўкраіну. Ведама ж, пярцоўка "патэнцыйнага праціўніка" добра разьвязвае языкі! :)

Калі ж цалкам сур'ёзна, то з гледзішча айчыннага кіраўніцтва — вакол Беларусі ўтвараецца падкова "варожага атачэньня". Адзіны адкрыты шлях — на ўсход.

Нават калі не казаць пра радыкальныя сцэнары кшталту аншлюсу, то ўжо сама лёгіка супольнага адказу "натаўскім агрэсарам" пагражае ператварыць Беларусь у нашпігаваны расейскай мілітарысцкай моцай пляцдарм. Вунь ужо і найноўшыя "Іскандэры" Масква абяцае, і С-400. Канешне, генэралы могуць як дзеці радавацца новым цацкам, але надта ж ня хочацца, каб у выніку мы атрымалі на сваёй зямлі гэтакі рымэйк Чырванасьцяжнай Беларускай вайсковай акругі.

Так што рух Кіева ў напрамку НАТО ды Эўразьвязу, пры тым што можа быць сапраўды кан'юнктурна выгадны афіцыйнаму Менску, абвастрае пагрозы беларускаму сувэрэнітэту.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру