Нельга выключаць магчымасці візіту Папы Францішка ў Беларусь, заявіў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі ў эфіры тэлеканала «Беларусь 24».

«Калі гэтае пытанне будзе ўзгодненае (з Патрыярхам Кірылам), то нельга гэтага выключаць. Зусім нядаўна яшчэ казалі, што ніколі не адбудзецца сустрэчы Папы і Патрыярха. А вось адбылася», — сказаў мітрапаліт. Іерарх растлумачыў, што ўзгадненне з прадстаяцелем РПЦ неабходна, бо Беларуская праваслаўная царква ўваходзіць у склад РПЦ.

Мітрапаліт Павел дадаў, што, калі ў Беларусі адбудзецца сустрэча Папы Рымскага і Патрыярха Маскоўскага і ўсёй Русі, то яна павінна паслужыць згуртаванню, а не падзелу людзей.

У сваю чаргу Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што для візіту Папы неабходна афіцыйнае запрашэнне дзяржавы і згода царквы большасці, гэта значыць праваслаўнай.

«Я малюся і спадзяюся, што Папа калісьці прыедзе ў Беларусь», - заявіў Тадэвуш Кандрусевіч. Ён лічыць, што ў будучыні могуць адбыцца і іншыя сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Кірыла.

Абодва беларускія іерархі — мітрапаліт Павел і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч — сустрэліся ў тэлестудыі і разам выступілі ў эфіры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?