Беларус Максім Грушавы і немец Інга Пец выдалі першую CD-складанку беларускага року ў Нямеччыне — Belarusian Red Book.

М.Грушавы да 1996 году працаваў у Менску на радыё «101,2»: «Тады беларускі рок мяне цікавіў, бо я ў нейкай ступені быў зь ім зьвязаны, цяпер, на чужыне, наша музыка стала нечым большым — гэта энэргія, якой я сілкуюся, гэта эмацыйная сувязь з маёй краінай», — кажа Максім.

Інга Пец зацікавіўся беларускай музыкай, пачуўшы колісь «Народны альбом». У першую чаргу яго зачаравалі тэксты, празь якія ён нават крыху падвучыў беларускую мову.

Максім і Інга ўваходзяць у згуртаваньне «Беларусы ў Бэрліне», створанае з ініцыятывы выпускнікоў Бэрлінскага вольнага ўнівэрсытэту. Летась яны заняліся сэрыяй канцэртаў N.R.M. у Нямеччыне, а потым задумалі зрабіць музычную складанку — іміджавы беларускі праект для немцаў. Важны момант быў у пошуку фінансаваньня, бо прадусэры вырашылі зрабіць першы наклад у 1000 асобнікаў не для продажу, а для прома-мэтаў. Гэтую ідэю падтрымалі беларуска-нямецкія фонды, а працай зь беларускага боку занялася Ганна Вольская.

Удзельнікаў складанкі прадусэры падабралі паводле іх значэньня ды ролі ў сучаснай незалежнай айчыннай музыцы. На дыск трапілі песьні з супольных музычных праектаў «Народны альбом» і «Я нарадзіўся тут», а таксама гіты «топавых» беларускіх камандаў розных гадоў і розных плыняў. Ёсьць тут і беларускамоўны «Ляпіс Трубяцкой», «Саша і Сірожа» на трасянцы, расейскамоўны Neuro Dubel.

На каляровы буклет патрапілі ня толькі фатаздымкі музыкаў з усімі патрэбнымі кантактамі, але і тэксты іх песень у перакладзе на нямецкую (пераклады зрабіла Кася Іваноўская), выцемкі з артыкулаў пра беларускую музыку ў сусьветнай прэсе, а таксама выказваньні саміх музыкаў.

«Тое, што я б хацеў, гэта мець магчымасьць казаць ня толькі пра тое, што мне падабаецца, але і пра тое, што не падабаецца. І быць пачутым. Бо толькі так мы здолеем рухацца наперад, ад кепскага да добрага, ад добрага да лепшага», — разважае на старонках «Чырвонай кнігі» аўтар «Народнага альбому» Міхал Анемпадыстаў.

«Я жыву ў сваёй краіне з адчуваньнем таго, што хтосьці скраў 10 гадоў майго жыцьця, але мне пашчасьціла, бо ў мяне застаўся гурт. А вось мноства маіх сяброў засталіся бяз справы іх жыцьця і нават без спадзеву на тое, што калісьці змогуць да яе вярнуцца», — працягвае думку Філ Чмыр, лідэр Drum Ecstasy.

Нямецкія журналісты выявілі вялікую цікавасьць да зьяўленьня Belarusian Red Book. Інга і Максім далі дзясяткі інтэрвію на буйных тэле- і радыёканалах. «Мы ня проста балбаталі, а далі магчымасьць слухачам і гледачам упершыню пачуць беларускую музыку. Такога кшталту праекты мы называем «дэмакратычны крэатыў», — кажа М.Грушавы.

Амаль увесь наклад разышоўся сярод тамтэйшых культурных дзеячаў ды арганізацыяў, прадусэраў, журналістаў і палітыкаў. «Гэта толькі пачатак, — кажа Максім, — для беларусаў, што жывуць на Захадзе, гэта важная справа. Хоць зь нейкіх прычынаў мы ня ў самым віры падзеяў, затое тут мы не сядзім, склаўшы рукі». М.Грушавы лічыць, што беларусы замежжа могуць зрабіць шмат карыснага для будучыні сваёй краіны. «Мы будзем выкарыстоўваць усе магчымыя каналы для таго, каб падтрымліваць, узьдзейнічаць, дапамагаць ды змагацца разам. Спадзяёмся, што беларусы за некалькі сотняў кілямэтраў нас пачуюць!»

Максім Грушавы.

Інга Пец (справа) разьвітваецца з «N.R.M.» на станцыі Бэрлін-Ліхтэнбэрг пасьля канцэртаў у Нямеччыне ў кастрычніку 2005.

Фота Simone Dollman

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?