На пасадзе камандуючага Аб'яднанымі сіламі НАТА ў Еўропе, па традыцыі таксама кіруючага Еўрапейскім камандаваннем узброеных сіл ЗША, Скапароці зменіць генерала Філіпа Брыдлава, паведамляе прэс-служба Паўночнаатлантычнага альянсу. Чакаецца, што ўрачыстая цырымонія пройдзе ў бельгійскім горадзе Монс, дзе знаходзіцца штаб-кватэра камандавання, вясной гэтага года.
Скапароці да гэтага часу займаў пасаду камандуючага амерыканскімі сіламі ў Карэі. Да гэтага ён удзельнічаў у міратворчых аперацыях у Руандзе, Босніі і Герцагавіне. Некалькі гадоў ён правёў у Афганістане, дзе ўваходзіў у камандаванне амерыканскай ваеннай групоўкі.
Выданне Stars and Stripes, якое распавядае аб рабоце Пентагона, звязвае прызначэнне Скапароці з неабходнасцю ўзмацнення ўсходніх межаў НАТА ў Еўропе і абмеркаваннем хуткага адказу ў выпадку ўзнікнення крызісу з удзелам Расіі. Газета лічыць, што генерал мог бы выкарыстаць свой карэйскі вопыт, дзе, як ён заяўляў, мэтай ЗША і Паўднёвай Карэі было «стрымліваць агрэсію».