Мінск — такі розны. Фоты Сяргея Гудзіліна.

Мінск — такі розны. Фоты Сяргея Гудзіліна.

Пачытаў на інтэрнэт-старонцы «Нашай Нівы» артыкул пад назвай «Украінскія турысты: Мінск — гэта сапраўдны шок».

Сэнс уражанняў герояў з Украіны: усё савецкае, усё дарагое, wi-fi нідзе няма, людзей на вуліцах няма, сэрвіс — таксама «савок». Але праўды ў гэтых словах няшмат.

Я часта наведваю кавярні, звычайна гэта сустрэчы па працы або абед. Wi-fi ёсць у 70 адсотках установаў. Вядома, калі спадар з Украіны зайшоў у сталоўку МАЗа, то можа і не злавіў там інтэрнэт. Але па Менску ўсе часцей заўважаю новыя кропкі wi-fi – у кавярнях, у гандлёвых цэнтрах.

Яшчэ адна заўвага ўкраінца: няма кавярняў сярэдняга класа. Зноў жа, з асабістага досведу, не разумею прэтэнзіяў. Ёсць месцы для тых, хто пры грошах, і ёсць дзе ў самым цэнтры паабедаць за меншыя грошы.

Што тычыцца «савецкасці» архітэктуры Менска. Усё банальна – Менск падчас Другой сусветнай быў амаль цалкам знішчаны, а ўзнаўлялі горад менавіта пры савецкай уладзе. Таму дзіўна было б чакаць ад бальшавікоў стылю барока ці позняга рэнесансу.

Вядома, можна прывесці ў прыклад Варшаву, якая з попелу часткова была адноўлена ў даваенным стылі. Але ў Польшчы зусім іншая сітуацыя была пасля вайны, таму саветы і пагадзіліся на аднаўленне. Пра гэта трэба пісаць асобны артыкул. На мой погляд, нават з савецкай архітэктурай, якая дапоўнена элементамі сучаснасці, горад выглядае вельмі добра. Менск – прыгожы горад, тут ёсць што паглядзець!

«Высокія цэны ў Менску!» Але каб шоку ва ўкраінцаў было крыху менш, трэба не толькі кошты ў Беларусі ды Украіне параўнаць, а яшчэ і заробкі ды пенсіі. Не думаю, што нават з меншымі коштамі ўкраінцы асабліва жыруюць на свае 150—200 долараў сярэдняга заробку.

Дый пенсія ўкраінская ў 40—60 долараў ЗША не дазваляе казаць пра вялікую розніцу ва ўзроўні жыцця з беларусамі.

Праблемы з сэрвісам? Згодны, часам можна трапіць на цёцю якая на ўсе твае «дзякуй», «добры дзень», у лепшым выпадку, прамаўчыць. Але гэта, хутчэй, выключэнне з правілаў.

Мае бацькі, якія жывуць у Віцебску, кажуць, што ў кожнай краме ці ўстанове абавязкова павітаюцца. А з татам маім, беларускамоўным, і таго больш – спрабуюць перайсці таксама на родную мову.

Ну і, самае смешнае, што было ў расповедзе «еўрапейскіх» украінцаў — «амаль няма людзей у цэнтры Менска». Спадарства, тут – ноў комментс! Можа, калі выйсці а 3-й гадзіне ўначы ў раёне Шабаноў, і не будзе нікога. Асабліва ў цэнтры заўсёды шмат людзей. Хтосьці спяшаецца на працу, хтосьці па справах. І шмат тых, хто проста прагульваецца па вуліцах.

Праўда, дзеля справядлівасці варта адзначыць, што госці з Украіны знайшлі і крыху пазітыву ў нашай Беларусі: добрая інфраструктура, грамадскі транспарт, які працуе як гадзіннік, смачная ежа. І на тым дзякуй!

Адзін хоча сёе, другі — тое. І хтосьці захапляецца Кіевам, хтосьці марыць жыць у Нью-Ёрку, а хтосьці нават у Пекіне ці Дэлі. Але стаўленне да горада і да краіны шмат у чым залежыць ад таго, як мы, беларусы, самі бачым сваю родную краіну.

Бо калі мы будзем гаварыць пра яе: «Ай, ды яна савецкая, ай, ды яна бязлюдная», тады ніхто і ніколі не пачне паважаць нас. Таму, спадарства, трэба часцей запрашаць розных замежнікаў, паказваць ім, якая цікавая наша Беларусь і як мы любім яе такой прыгожай і ўтульнай!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?