Піша Зьміцер Панкавец.

Добра памятаю, як, будучы яшчэ старшаклясьнікам, я зь нецярпеньнем чакаў нядзелі. І далёка ня толькі таму, што гэта быў адзіны выходны за тыдзень. Проста я ведаў, што ў гэты дзень а 19:00 на радыё «Свабода» прагучыць чарговы выпуск «Вострай Брамы» Сяргея Дубаўца. Колькі нэрваў і цярпеньня згаралі за той час, пакуль на патрэбную сярэднюю хвалю 612 кілягерц удавалася настроіць прымач.

Кожную перадачу я запісваў на магнітафонную стужку, і цягам наступных сямі дзён яшчэ некалькі разоў пераслухоўваў, ледзьве не канспэктуючы. Будучы дапытлівым падлеткам, я шукаў адказы на пытаньні пра Беларусь і сьвет, якія нельга было знайсьці ў школьных падручніках, а таксама ў кнігах зь вясковай бібліятэкі. І я знаходзіў іх у Дубаўца. Не памылюся, калі скажу, што ў значнай ступені мой сьветапогляд на жыцьцё сфармаваўся акурат дзякуючы «Вострай Браме».

Дакладна памятаю, што нават пра існаваньне газэты «Наша Ніва» я даведаўся акурат з «Вострай Брамы», з праграмы, прысьвечанай 10-годзьдзю аднаўленьня «НН». Пасьля знайшоў тую газэту ў барысаўскіх шапіках, аформіў падпіску.

Пасьля мною былі прачытаныя «Дзёньнік прыватнага чалавека» і «Русская книга» Дубаўца, хацелася нечага больш фундамэнтальнага, аднак такой кнігі ў аўтара не было.

У 2005 годзе радыё «Свабода» ўсё ж выпусьціла 500-старонкавы томік выбраных перадач з сэрыі «Вострая Брама». Кніжка адразу аказалася ў маёй бібліятэчцы, але чамусьці тады чытаць яе не наважыўся. Халера яго знае, можа баяўся зірнуць на прадстаўленыя тэксты іншымі вачыма, што магло б прывесьці да разбурэньня пэўных жыцьцёвых арыенціраў і каштоўнасьцяў. Даруйце за параўнаньне, але гэта як праз шмат гадоў убачыць сваё юначае каханьне. Пачынаеш бачыць, што і гэта ў чалавеку ня так, і вось тое, і гэна. Як бы тое ні было, але рукі дайшлі да сіняга томіка «Вострай Брамы» толькі гэтай вясной.

Зборнік пачынаецца з праграмнага эсэ «Вострая Брама і Курган Славы». Дубавец ставіць знак процістаяньня між двума вызначальнымі для беларусаў месцаў. Курган Славы – сымбаль Беларусі савецкай, знак «чужой» для нас Другой сусьветнай, і Вострая Брама – сымбаль беларускай Беларусі, апеты Багдановічам у славутай «Пагоні» і многімі іншымі паэтамі.

Мне падаецца, як на сёньняшні момант, то Курган Славы і надалей можна разглядаць як пэўны сымбаль эпохі, у якой мы жывём. Ужо пазьней за напісаньне гэтага эсэ дзяржаўныя ідэолягі вырашылі, што гісторыя Беларусі павінна пачынацца не з 1917 году, а з часоў апошняй вайны. Таму на фоне ўсіх гэтых парадаў вэтэранаў, кінафільмаў «60 мірных лет» і афіцыйнай трэшавай паказухі на тэму Вялікай айчыннай Курган Славы толькі замацоўвае свае пазыцыі ў нашых глуздах.

Што да самой Вострай Брамы, то за апошнія 10 гадоў яна ня стала для нас бліжэйшай, і ня толькі праз дарагія шэнгенскія візы, за якія трэба заплаціць, каб палюбавацца на гэты помнік архітэктуры. Нават сама ўжо Вільня абсалютна ня ўпісваецца ў беларускі кантэкст. Нават культ Маці Боскай Вастрабрамскай за апошнія гады пасьпяхова замяніўся на культ Маці Божай Будслаўскай. У пілігрымкі да якой беларусы ідуць з розных краёў, у тым ліку зь Вільні.

Вострая Брама, як і сама Вільня, фактычна цалкам перастала апявацца ў беларускім прыгожым пісьменстве, як і вёска. А з гэтага вынікае, што справядліва пад сумнеў ставіцца старая, раньнедубаўцоўская формула Беларушчыны: «Мова, вёска, Вільня». Вёска вымірае, Вільня за калючым дротам дзяржаўнай мяжы, застаецца толькі мова. А месца Вострай Брамы як сымбалю ў беларускай літаратуры і жыцьці застаецца вакантным, яшчэ нікім не занятым. Дзе знайсьці новага спарынг-партнёра для Кургана Славы. Можа зноў адкажа Дубавец?

«Ружовы туман» ставіўся пад сумнеў многімі. Здаецца, і сам Дубавец пачаў рэабілітоўваць адзін за адным беларускіх савецкіх пісьменьнікаў. Ясная справа, што ня тых, чые прозьвішчы мы ведаем толькі дзякуючы падручнікам па беларускай мове, дзе сказы зь іхных твораў зьяўляюцца прыкладамі ў пэўных практыкаваньнях, напрыклад, як правільна расставіць знакі прыпынку. Дубавец жа вяртае сапраўды таленавітых творцаў. Такіх, скажам, як Танк. Напрыклад, мяне шчыра дзівіць, што ніводнае эсэ Дубаўца пра Танка так і не ўвайшло ў кнігу. Як для мяне, то яўнае ўпушчэньне.

У падарожных нататках з Вашынгтону Дубавец паўтарае караткевічаўскае, што Бог даў нам самае прыгожае месца на зямлі, а таксама самых прыгожых людзей, а для раўнавагі даў і найдурнейшае начальства. Зрэшты, як паказваюць нататкі аўтара ўжо зь Лёндану, і самі беларусы не сьвятыя істоты зь німбамі і крылцамі, бо «нянавісьць працяла нашу плоць і кроў».

Каб ненавідзець некага, трэба перажыць моцныя эмоцыі, але ў праграме пра дзіцячыя пахаваньні Дубавец разважае пра фэномэн беларускай безэмацыйнасьці, якога няма ў суседніх з намі народаў. Ці ўсё ж нянавісьць і безэмацыйнасьць не выключаюць адно аднаго?

Дзіўным чынам, але Дубаўцу ўдаецца вярнуць у сучасны беларускі культурны кантэкст часткова ўжо забытых зорак заходняй маскультуры – Сэлінджэра, Кізі, Прэсьлі, Пэгі Лі. І амаль у кожнага ён спрабуе адшукаць беларускія карані, што часам выклікае толькі ўсьмешку.

Аўтар вяртае нам з забыцьця гісторыю Панарскай бітвы і культурнага героя Вільні ХІХ стагодзьдзя паэта-вар’ята Яцака Крышталевіча. Нават Лукашу Бэндэ аддаецца важнае месца ў кнізе. Але спроба зрабіць сэнсацыю са «знойдзенай магілы» Каліноўскага, выглядае ненатуральнай.

Неадназначным падаецца сёньня і процівага казакоў, як поўных нелюдзяў, і Януша Радзівіла, як прадстаўніка беларускага арыстакратызму. Варта толькі капнуць крышачку глыбей у гісторыю, як можна ўбачыць і ўсю спрэчнасьць асобы самога Радзівіла, хаця казакоў гэта зусім не апраўдвае.

Добра памятаю, як пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году ратаваўся ад хандры і дэпрэсіі «Восеньню патрыярха». Спачатку Дубаўцовай, пасьля маркесаўскай. Зрэшты, нашы літаратары так і не прыслухаліся да Дубаўца. Мала хто зь іх адлюстраваў у вялікім літаратурным творы наша жыцьцё пад дыктатурай (рэдкія выняткі склалі Васіль Быкаў з «Аўганцам» — яшчэ да артыкулу Дубаўца, хоць раман быў надрукаваны па сьмерці аўтара, Падгол з «Куляй для прэзыдэнта» ды Бабіна з «Рыбіным горадам»). Большасьць па-ранейшаму разглядае рэжым згодна зь перакананьнем: «Вось-вось, ён лясьне. Ненадоўга». А ўжо 14-ы год ідзе, тым ня менш.

Не, кніга мяне зусім не расчаравала. Хутчэй, наадварот. Дубавец удала і таленавіта правакуе чытача на пэўныя дыскусіі і разважаньні, а ягоныя гіпотэзы цяпер зусім не выглядаюць за ісьціны. З Дубаўцом часта не пагаджаесься, але чытаеш кнігу ад першай да апошняй старонкі, ужо каб падыскутаваць, паспрачацца з аўтарам. Сёньня «Вострая Брама» для мяне ня кніга ўнівэрсальных адказаў, а наадварот кніга пытаньняў, на якія наўрад ці магчыма знайсьці ўнівэрсальныя адказы. Зрэшты, гэта ня значыць, што іх ня трэба шукаць. Дубавец шукае.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0