Фэрнанда Луга, фота AP

Спынена шматгадовае — больш чым 60 гадоў — кіраваньне ў краіне партыі Каларада. Кандыдат ад правячай партыі Блянка Авэляр прызнала паразу.

Луга набраў 40,8% галасоў выбарцаў, Авэляр — 30,8%, за былога кіраўніка парагвайскай арміі Лііна Аўеда, які адседзеў пэўны час у турме за спробу ваеннага перавароту, падалі 22% галасоў.

У выбарах узялі ўдзел 66% выбарцаў — рэкордны паказчык з 1989 г., калі былі вернутыя дэмакратычныя нормы і ляснула дыктатура Стрэснэра.

Выбары ў Парагваі праходзяць у адзін тур, пераможца вызначаецца простай большасьцю галасоў.

Аглядальнікі называюць Фэрнанда Луга навічком у палітыцы. У студзені 2005 г. Луга — каталіцкі арцыбіскуп — зьвярнуўся ў Ватыкан з просьбай пазбавіць яго духоўнага сану, каб ён змог паўнацэнна займацца палітыкай. Але Апостальская сталіца на гэта не пайшла, а проста вызваліла Луга ад выкананьня абавязкаў арцыбіскупа.

У Парагваі Луга падтрымаў правядзеньне зямельнай рэформы і заклікаў да новых перамоваў у энэргетычнай сфэры з Бразыліяй.

Фэрнанда Луга на вышэйшую дзяржаўную пасаду высунуў левацэнтрыскі рух «Патрыятычны альянс за перамены», у якім аб’ядналіся прафсаюзы левага кшталту, а таксама прадстаўнікі карэнных народаў Парагваю і бедных фэрмераў.

Луга таксама адкінуў абвінавачаньні ў свой адрас прэзыдэнта Ніканора Дуартэ, які пакідае сваю пасаду, што пасьля абраньня кіраўніком дзяржавы ён пойдзе па шляху леварадыкальных лідэраў Балівіі і Вэнэсуэлы.

У Парагваі да гэтага часу шырока распаўсюджана беднасьць, асабліва у сельскіх раёнах. У эканоміцы значную ролю адыгрываюць буйныя праекты па гідраэнэргетыцы, а таксама соя, попыт на якую апошні часам расьце.

Паводле Бі-Бі-Сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0