Паэт і палітычны актывіст Эмэ Сэзэр (26.06.1913 - 17.04.2008) памёр на Мартыніцы 17 красавіка, ва ўзросьце 94 гадоў.
Эмэ Сэзэр (Aimé Césaire) быў голасам карыбскага антыкаляніялізму ў 1960‑я. У сваіх творах ён разглядаў шляхі навязваньня францускай культуры грамадзянам іншага паходжаньня. Тэма актуальная і па сёньня, калі Францыя вырашае праблемы зь інтэграцыяй у грамадзтва этнічных арабаў і афрыканцаў.
Міжнароднае прызнаньне атрымалі творы «Каляніяльны дыскурс» (1950) і адаптацыя шэкспіраўскае «Буры» для выкананьня чорнаскурымі акторамі. У СССР была больш вядома паэма «Дзёньнік вяртаньня ў родную краіну».
Менавіта Эмэ Сэзэр паспрыяў шырокаму выкарыстаньню тэрміну «negritude», які азначае гонар з прыналежнасьці да нэгроіднай расы.
У 2005 г. Сэзэр адмовіўся сустрэцца зь Нікаля Сарказі — тагачасным міністрам унутраных спраў Францыі. Кансэрватыўная партыя мелася прызнаць былую каляніяльную палітыку станоўчай. Нягледзячы на гэта Сарказі называў Сэзэра «чалавекам дзеяньня», «амбасадарам міра й цярплівасьці».
Між іншым, напачатку сваёй дзейнасьці, Сэзэр быў зьвязаны з Францускай камуністычнай партыяй, але ў 1950‑я стварыў уласную — Прагрэсіўную партыю Мартынікі, якая да пачатку 1990‑х супрацоўнічала з францускімі сацыялістамі.
Эмэ Сэзэр быў дэпутатам францускага парлямэнту і мэрам Форт‑дэ‑Франсу, сталіцы Мартынікі, з 1945 па 2001 г.