Удзельнік гэтай сустрэчы Юрась Меляшкевіч паведаміў «Свабодзе»:
«Ад аргкамітэту «Чарнобыльскага шляху‑2008», акрамя мяне, прысутнічалі Ўладзімер Лабковіч, Ігар Рынкевіч, Аляксандар Валчанін і Алег Шапавалаў. Сустрэча адбывалася ў кабінэце начальніка ідэалягічнага аддзелу Генадзя Курбекі.
Як нам патлумачылі, Менгарвыканкам прыняў рашэньне дазволіць правядзеньне «Чарнобыльскага шляху» 26 красавіка. Ад 14 да 15 гадзіны — збор на пляцоўцы ля будынку Нацыянальнай Акадэміі навук. Далей маршрут па вуліцы Сурганава ў напрамку да парку Дружбы народаў (ад 15 да 17 гадзіны) і ад 17‑й да 19.00 — мітынг у парку Дружбы народаў».
Са словаў Юрася Меляшкевіча, заўтра а 13.00 аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху 2008» арганізуе прэс‑канфэрэнцыю для журналістаў, каб абвясьціць сваю пазыцыю адносна выкананьня рашэньня Менгарвыканкама.
Суразмоўца таксама паведаміў, што сёньня ў Менску затрыманы аўтамабіль актывіста апазыцыі Аляксандра Жучкова.
«У аўтамабілі міліцыянты выявілі ўлёткі да «Чарнобыльскага шляху». Затрыманага даставілі ў РУУС Фрунзэнскага раёну», — удакладніў Юрась Меляшкевіч.