Развітанне пройдзе ў рытуальнай зале крэматорыя на Паўночных могілках Мінска.
Пахаваць спадара Сяргея мяркуюць каля ягоных бацькоў на сталічных Чыжоўскіх могілках на 9-ы дзень пасля смерці.
Дачка Вера Лях будзе ўспамінаць свайго бацьку як вельмі добрага, спагадлівага і далікатнага чалавека, які ніколі нікога не абразіў і да якога так падобны 10-гадовы ўнук Сяргея Мікалаевіча.
Ханжанкоў ніколі не шкадаваў, што 10 гадоў свайго маладога жыцця ён правёў за кратамі Мардоўскіх лагераў, бо там, паводле ягоных словаў, ён сустрэў тых людзей, каго ніколі не сустрэў бы на волі.
Ён нікога не павучаў, быў адкрытым, шчырым, добразычлівым, нешматслоўным і надзейным. А калі дадаць ягоную адукаванасць, сціпласць і цеплыню — дык паўстае вобраз сапраўднага беларуса-інтэлігента.
Інтэлігента, які, аднак, паўстаў на адкрытую барацьбу за свабоду.
Сяргей Ханжанкоў памёр раніцай 16 сакавіка на 75-м годзе жыцця.