Сяргей Парсюкевіч

17:15 Дапыталі двух сьведкаў з боку пацярпелага: міліцыянта Якімчука і медработніка спэцпрыёмніка Салаўёву.

Працяг суду заўтра. Пачатак а 12-й. Працэс ідзе ў судзе Маскоўскага раёну сталіцы (праспэкт газэты "Правда", 27, за ГЦ "Кірмаш").

16:25 Зараз ідзе допыт сьведкаў з боку пацярпелага. Усяго павінны апытаць шэсьць чалавек.

***

Аб 12-й гадзіне пачаўся працэс над Сяргеем Парсюкевічам. Адвакаткай Верай Страмкоўскай было заяўлена хадайніцтва аб допыце на працэсе сьведкаў з боку абвінавачанага: Вінаградава, Важакова і Акопава. Вінаградаў і Важакоў непасрэдна сядзелі з Парсюкевічам у адной камэры, Акопаў сядзеў у суседняй камэры, адкуль чуў, як адбывалася зьбіцьцё. Сёньня будзе выступаць у якасьці сьведкі сп. Таўстыка, які таксама знаходзіўся ў той час на Акрэсьціна.

Хоць пракурор і пацярпелы былі супраць прыцягненьня дадатковых сьведак, судзьдзя вырашыў задаволіць гэтае хадайніцтва.

Чакаецца таксама выступ двух сьведак ад абвіначаньня.

Спадарыня Страмкоўская заявіла таксама хадайніцтва аб зьмяненьні меры стрыманьня на вызваленьне пад заклад. Пасьля 20-хвіліннага перапынку ў працэсе судзьдзя адхіліў гэтае хадайніцтва.

***

Па 13-й гадзіне даў паказаньні пацярпелы Дулуб.

Ён апавёў, што 21 студзеня яго выклікалі, бо з вакна 15‑й камэры вывесілі зробленыз паперы бел‑чырвона‑белы сьцяг.

Дулуб пайшоў разьбірацца ў камэру. Пры ягоным уваходзе ўсе падняліся, акрамя Парсюкевіча. Той сказаў, што ня мусіць падымацца. Тады Дулуб піхнуў яго нагой. Затым яны выйшлі ў пакой для размоў, каб, па словах Дулуба, азнаёміць Парсюкевіча з правіламі ўтрыманьня ў спэцпрыёмніку. Але Парсюкевіч сказаў: "Ты, салага, а я былы афіцэр" [Парсюкевіч -- былы афіцэр міліцыі].

Потым Парсюкевіч нанёс сем удараў у твар Дулуба. Той закрыўся рукамі і паклікаў міліцыянта Якімчука. І яны разам, са словаў Дулуба, сьцішылі Парсюкевіча і надзелі кайданкі. Парсюкевіч пачаў крычаць, што яго душаць і прасіў дапамогі, спрабаваў выскачыць у калідор. Яго вярнулі ў пакой, далі падыхаць з інгалятару прэпарат ад астмы.

Сяргея Парсюкевіча абвінавачваюць ў гвалце супроць ахоўніка турмы Аляксандра Дулуба. Паводле міліцыянта, Парсюкевіч зьбіў яго, калі адбываў адміністрацыйны арышт пасьля мітынгу прадпрымальнікаў у студзені. Прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч заяўляе, што насамрэч гэта яго зьбілі, а справу ў міліцыі сфальшавалі, каб пазьбегнуць за гэта адказнасьці. Ад 4‑га сакавіка Сяргей Парсюкевіч знаходзіцца пад вартай. Актывісту прадпрымальніцкага руху пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.

Глядзі яшчэ:
Сяргей Парсюкевіч: «У турме я задыхаюся»

Зьміцер Панкавец


Пацярпелы Аляксандар Дулуб, справа ад яго сьведка Вадзім Якімчук

Фота Ўладзя Грыдзіна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0