У Беларусі распрацаваная тканіна для айчынных джынсаў, паведаміў 17 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня канцэрна «Беллегпрам» Мікалай Яфімчык.

«Тканіна ўжо распрацаваная, ёсць узор. Яе стварэнне — пытанне няпростае. Мы не імкнуліся зрабіць беларускія джынсы баваўнянымі, паколькі нам канкураваць з іншымі краінамі, з тым жа Туркменістанам, дзе джынсы каштуюць сем даляраў, бессэнсоўна», — адзначыў старшыня канцэрна. Паводле яго слоў, у гэтай краіне бавоўна каштуе у 2,2 разы танней, чым для Беларусі.

«Мы не створым баваўняную джынсавую тканіну, а вось сумесь бавоўны і лёну са спецыяльным аздабленнем будзе. «Леві Страўс» (брэнд Levi's) умее, і мы зробім. Цяпер тканіну даводзім да нармальнага стану, трэба яе так зрабіць, каб яна стала прымальнага выгляду і падобная да сапраўдных джынсаў. Хоць наша тканіна глядзіцца нават цікавей», — лічыць Яфімчык.

Паводле яго слоў, тканіну для джынсаў будзе вырабляць Аршанскі льнокамбінат пры ўдзеле Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб'яднання. Тканіны будуць розныя — для летніх, восеньскіх, жаночых джынсаў. «З намі гатовыя супрацоўнічаць туркмены ў плане дапамогі па аздабленні, таму што дасягненне эфектаў пакамячасці, сціснутасці, лазерных аздабленняў — усё ручная работа, прыёмамі якой валодаюць у Туркменістане», — адзначыў кіраўнік канцэрна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?