17 сакавіка ў Доме Масквы, у 5-ы раз прайшоў штогадовы дабрачынны паказ «Red Dress МТС» у падтрымку дзяцей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі.

25 прыгожых і паспяховых жанчын, у тым ліку тэлевядучая Святлана Бароўская, актрыса і спявачка Ганна Хітрык, прыма Опернага тэатра Аляксандра Чыжык, пісьменнік Юлія Чарняўская і дэпутатка палаты прадстаўнікоў Алена Шамаль, прайшліся па подыуме ў чырвоных сукенках, каб дапамагчы дзецям з хворым сэрцам. Усе сродкі, атрыманыя ад продажу квіткоў на паказ, накіраваны на лячэнне дзяцей-сардэчнікаў.

Чырвоныя хустачкі ў пятліцах, шампанскае, шары ў форме сэрцаў і шмат сукенак да падлогі. Фае ў Доме Масквы забіта пад завязку. Адны госці размаўляюць пра тэатр, іншыя абмяркоўваюць курс даляра, трэція пляткараць, хто ў чым прыйшоў: дабрачынны паказ аб'яднаў людзей з цалкам розных сфер і інтарэсаў. Аднак усе яны, і чэмпіёнка Еўропы па кёрлінгу Кацярына Кірылава, і мадэльер Саша Варламаў, і заснавальнік TUT.BY Юрый Зісер, — аб'яднаны імкненнем дапамагаць.

Цэнтральная фігура вечара і твар паказу — Ульяна Багдановіч. Дзяўчынка, якой удалося праз інтэрнэт за тыдзень сабраць 6 тыс. даляраў на аперацыю для сяброўкі з хворым сэрцам. Больш за тое, цэлы месяц прыкоўваць увагу СМІ, блогераў і проста неабыякавых людзей да праблем сардэчна-сасудзiстых захворванняў і дапамагаць іншым дзецям.

Для дапамогі дзецям у зале таксама ўсталявана «дрэва жыцця» — сімвалічнае збудаванне, дзе можна пакінуць дадатковую суму, якая пойдзе на лячэнне дзяцей.

«Я рады, што ў нас атрымалася», — паціскае плячыма адзін з удзельнікаў «каманды Ульяны» — баскетбаліст Аляксандр Куль. Для таго, каб дапамагчы з продажам квіткоў на дабрачынны паказ, ён, разам са спеваком Уладзімірам Пугачам, вядучым Дзмітрыем Кахно, рэстаратарам Аляксеем Садавым і асілкам Кірылам Шымко, апрануўся ў чырвонаую сукенку і выклаў здымкі ў сетку. Скандальная фотасесія абляцела ўвесь інтэрнэт і выклікала бурныя абмеркаванні. Галоўная справа — прыцягнуць увагу і дапамагчы дзецям — была дасягнутая: квіткі прадалі за 48 гадзін.

Агулам у дапамогу дзецям з захворваннямі сэрца было ахвяравана больш за 10 тыс. даляраў.

Як усё пачыналася:

16-гадовая Ульяна Багдановіч — дзяўчына, якой спатрэбіўся ўсяго тыдзень, каб праз інтэрнэт сабраць 6 тыс. даляраў на кардыялагічную аперацыю для сваёй сяброўкі. І ўсяго месяц, каб прыцягнуць да праблемы дзяцей-сардэчнікаў, здаецца, усю сталіцу.

14 лютага Ульяна заклікала журналістаў і блогераў не «дарыць адзін аднаму гэтыя дурныя чырвоныя сэрцы», а дапамагчы Машы з Магілёва, якая мае патрэбу ў аперацыі на сэрцы. На заклік адгукнуліся сотні карыстальнікаў сацсетак, вядомыя блогеры і журналісты, а таксама арганізатары Red Dress МТС. Неабходная сума была сабраная за лічаныя дні.

«Я не чакала, што мне стане дапамагаць так шмат людзей! — прызнаецца Ульяна. — Я разаслала больш за 100 лістоў па ўсім facebook. Пісала тым, пра каго чытала, і тым, пра каго чула. Сёння я вельмі ўдзячная ўсім ім за тое, што мой ліст не сышоў у кошык. Мы зрабілі важнае».

Сёння ва Ульяны «ў сябрах» больш за тысячу чалавек (калі быць дакладным — 1081). Усе яны — «каманда Ульяны», людзі, якім неабыякава. Грошы на аперацыю Машы сабраны, але каманда на гэтым не спыняецца. Каб збор сродкаў на лячэнне дзяцей з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы спрасціўся, фонд «Шанец» адкрыў адзіны канал дапамогі — «Сэрца» — для ахвяраванняў дзецям-сардэчнікам.

Дабрачынны фонд «Шанец»

Міжнародны дабрачынны фонд дапамогі дзецям «Шанец» заснаваны ў 2008 годзе. Ён аказвае адрасную дапамогу цяжкахворым дзецям у выпадках, калі высокакваліфікаваная і своечасовая медыцынская дапамога не можа быць аказана медыцынскімі ўстановамі або аплачана з бюджэтных сродкаў. За 7 гадоў існавання фонд «Шанец» аказаў дапамогу 593 дзецям, сабраўшы больш за 8 млн даляраў.

Фонд «Шанец» з'яўляецца некамерцыйнай арганізацыяй і не выкарыстоўвае сабраныя сродкі на пакрыццё адміністрацыйных выдаткаў. Усе сродкі, сабраныя за кошт дзейнасці фонду, ідуць на лячэнне дзяцей.

Red Dress

Першае дэфіле чырвоных сукенак прайшло ў Нью-Ёрку ў 2002 годзе. Сабраныя сродкі былі накіраваны на лячэнне дзяцей, якія пакутуюць захворваннямі сэрца. З таго моманту дабрачынныя паказы сталі неад'емнай часткай New York Fashion Week. Беларусь падключылася да руху ў 2010 годзе. За мінулыя гады ўдалося сабраць дзясяткі тысяч даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0