Саюз Еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) не стаў караць паўабаронцу маскоўскага «Лакаматыва» Дзмітрыя Тарасава дыскваліфікацыяй за дэманстрацыю майкі з партрэтам расейскага прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна пасля матчу Лігі Еўропы.

Як паведамляе прэс-служба УЕФА, дысцыплінарная камісія вырашыла абмежавацца накладаннем на гульца штрафу ў памеры пяці тысяч еўра, хоць за дэманстрацыю ніжняй бялізны з палітычнай сімволікай яму пагражала дзесяціматчавая дыскваліфікацыя.

Інцыдэнт, які стаў прычынай разбору, адбыўся 16 лютага пасля матчу паміж «Лакаматывам» і турэцкім «Фенербахчэ». Тарасаў зняў футболку, пад якой была майка з выявай Пуціна і надпісам «Самы ветлівы прэзідэнт».

Пры гэтым правілы УЕФА забараняюць дэманстраваць элементы адзення, на якіх размешчаныя «палітычныя, рэлігійныя, асабістыя заявы, а таксама малюнкі або лагатыпы».

Агенцтва «Р-Спорт» са спасылкай на неназваную крыніцу паведамляла, што «Лакаматыў» аштрафаваў Тарасава за такія паводзіны на 300 тысяч еўра. Афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі няма.

«Лакаматыў» прайграў той матч турэцкаму клубу з лікам 0:2 і, не здолеўшы перамагчы ў матчы ў адказ, вылецеў з Лігі Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?