Сёння ў мінскім клубе «Loft» (вуліца Петруся Броўкі, 22) культурная пляцоўка «Арт-сядзіба» ладзіць першы фестываль «ArtSiadziba Forum, альбо Дзень Вышымайкі».

Удзень прайшоў форум, на якім «Арт-сядзіба» падзялілася сваімі дасягненнямі і планамі.

«Праблемы заўсёды натхнялі нас на нейкія дзеянні. І так мы з маленькага памяшкання на заводзе «Гарызонт» пачалі пераўтварацца ў буйныя праекты. Нам спаўняецца 5 гадоў, таму ў гэтым годзе мы плануем шмат мерапрыемстваў», — адзначыў Павал Белавус, адзін з заснавальнікаў «Арт-сядзібы».

Сярод яскравых прыкладаў працы «Арт-сядзібы» арганізатары адзначылі:

  • Першая вольная пляцоўка на заводзе «Гарызонт» для творчых людзей
  • Начное шэсце ў скафандрах у Мінску (прысвечанае гурту N.R.M.)
  • Першая беларускамоўная настольная гульня «Разам»
  • Гумарыстычнае шоў «Стэндап-кавярня»
  • Беларускамоўная гульня «Varta»
  • Стварэнне вышымайкі
  • Мерапрыемствы «Дзень вышыванкі»
  • Беларускамоўны музычны кавер-бэнд

Беларускамоўны кавер-бэнд «Арт-сядзібы».

Беларускамоўны кавер-бэнд «Арт-сядзібы».

«Арт-сядзіба» плануе ў гэтым годзе заявіць сябе «па-новаму», аднак адзначае бясконцыя адмовы ў мерапрыемствах дзяржаўнымі органамі. «Мы прапаноўвалі Міністэрству Культуры, што можам зрабіць дні вышыванак і святы роднай мовы, год культуры ж. Дык намеснік міністра адказала нам, што ў іх свае мерапрыемствы, вы не падыходзіце».

У планах «Арт-сядзібы» правядзенне двух буйных мерапрыемстваў — «Каго любіш? Люблю Беларусь!» і «Дзень Вышыванкі». З першым пакуль ёсць пэўныя праблемы. «Арт-сядзіба» спрабавала дамовіцца з правядзеннем фестывалю «Каго любіш? Люблю Беларусь!» у мінскім Палацы спорту, але там знянацку знайшлі этыленгліколь? і правядзенне фестывалю стала немагчымым. Трэці па ліку фестываль «Дзень Вышыванкі» плануецца да правядзення летам, бліжэй да Купалля. Гэтым разам фестываль плануецца правесці на адкрытым паветры, у мінскім Парку Горкага.

Таксама ў планах «Арт-сядзібы» правядзенне Вялікага Спеўнага сходу разам з ініцыятывай «Спеўны сход». Мерапрыемства мае адбыцца вясною. Плануецца каля тысячы ўдзельнікаў. «Арт-сядзіба» працягне выраб новых беларускіх настолак, плануецца выпуск серыі кніг-размалёвак з аўтарскімі малюнкамі, перапрацаванымі выцінанкамі і вершамі беларускіх паэтаў.

Павал Белавус адзначыў, што іх натхніла майка LSTR з Дзедам-Барадзедам, таму яны плануюць выпусціць цацку беларускамоўнага персанажа 90-х. «Будзе ўсяго тры цацкі — Дзед-Барадзед, Паца-Ваца, а на трэцюю цацку мы правядзём конкурс і абярэм найлепшую».

Плануюцца новыя спектаклі, адзін з іх — «Францішак», прысвечаны бацьку беларускага тэатру — Францішку Аляхновічу. «Арт-сядзіба» плануе адправіцца ў 6 кропак па Беларусі да аўтэнтычных народных майстроў, якія ствараюць мастацкія прадметы і нацыянальныя сімвалы.

Цяпер культурная пляцоўка рыхтуе музычны шоў-праект, накіраваны на прасоўванне нацыянальнай культуры праз сучасную музыку, пад назвай «Радзім дае!». Падрабязнасці «Арт-сядзіба» плануе распавесці пазней.

Пачынаючы з 19:00 на сцэне «Loft» пачнуць выступаць:

— кавер-бэнд «Арт-сядзібы»;

— гурт «Амплітуда смеласці»;

— гурт «Час лайна»;

— гурт «AMAROKA»;

— гурт «Martin S».

А ўначы у якасці ды-джэя выступіць рэп-выканаўца VINSENT, які будзе граць да самай раніцы. 

Уваход:

— 100 тыс.;

— у вопратцы з нацыянальнымі беларускімі сімваламі і ўзорамі вольны.

Клуб «Loft» (вуліца Петруся Броўкі, 22).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?