Указ прэзідэнта № 98 «Аб удасканаленні парадку перадачы паведамленняў электрасувязі» не азначае поўнай забароны на карыстанне Skype, Viber і іншымі падобнымі да гэтых месэнджарамі. Да такой высновы схіляюцца спецыялісты ў сферы электрасувязі.

У каментарыі БелаПАН тэхнічны дырэктар кампаніі «Атлант Тэлекам» Алег Гаўрылаў выказаў меркаванне, што ўказ не закране галасавы трафік, які перадаецца выключна праз інтэрнэт. «Забарона ўстаноўлена на маршрутызацыю такога трафіку ў тэлефонную сетку, напрыклад, калі абанент праз інтэрнэт тэлефануе на мабільны або стацыянарны тэлефон. У Беларусі зафіксаваны выпадкі, калі такой дзейнасцю займаюцца прыватныя асобы або кампаніі без рэгістрацыі і ліцэнзійных абавязацельстваў. З улікам росту попыту на паслугі IP-тэлефаніі іх бізнес, безумоўна, квітнее», — сказаў Гаўрылаў.

Ён падкрэсліў, што пад указ трапляе т.зв. «шэры» тэлефонны трафік. «Хутчэй за ўсё, Нацыянальны цэнтр абмену трафікам будзе фіксаваць перавод інтэрнэт-званкоў у тэлефонную сетку, а аператары павінны будуць блакаваць нядобрасумленных абанентаў і паведамляць аб парушэннях дзяржаўным органам. Іншымі словамі, указ створаны для барацьбы з нелегальнай дзейнасцю з галіне электрасувязі», — сказаў ён.

Заснавальнік партала TUT.by Юрый Зісер таксама выказаў здагадку, што ў Беларусі «будзе перакрыта» магчымасць патэлефанаваць на беларускія нумары (стацыянарныя або мабільныя) праз Skype, Viber або па міжнародных тэлефонных картках ці сэрвісах. «І «Белтэлекам» верне сабе манапольнае становішча на рынку міжнароднай тэлефоннай сувязі», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook.

У той жа час, на думку Зісера, карыстальнікі змогуць тэлефанаваць са Skype на Skype, з Viber на Viber і г.д. «У выніку вырастуць выдаткі тых замежных карыстальнікаў, якія працягнуць тэлефанаваць у Беларусь тым, хто тут не карыстаецца інтэрнэтам», — адзначыў ён.

У Аператыўна-аналітычным цэнтры пры прэзідэнце (ААЦ) БелаПАН 16 сакавіка паведамілі, што не ўпаўнаважаны даваць тлумачэнні, а за выкананне ўказа будзе адказваць РУП «Нацыянальны цэнтр абмену трафікам» (НЦАТ). Акрамя таго, у найбліжэйшыя дні адбудзецца прэс-канферэнцыя для тлумачэння нормаў дакумента. На заўвагу аб тым, што ўказ надзяліў правам растлумачваць нормы дакумента менавіта ААЦ, у цэнтры адказалі, што гэтым пытаннем будзе займацца падведамнае ім прадпрыемства — НЦАТ.

У Нацыянальным цэнтры абмену трафікам заявілі, што не рыхтуюць тлумачэнняў і параілі звярнуцца ў ААЦ. Пры паўторным звароце ў ААЦ БелаПАН прапанавалі накіраваць запыт, але адказ на яго яшчэ не прыйшоў.

Мабільныя аператары новы ўказ не каментуюць. На РУП «Белтэлекам» таксама не сталі абмяркоўваць гэтую тэму, спаслаўшыся на тое, што не ўпаўнаважаны даваць афіцыйны каментарый да дакумента.

Год таму міністр сувязі і інфарматызацыі заявіў, што ведамства шукае інструменты для атрымання прыбытку ад такіх сэрвісаў, як Skype і Viber. «У нас ёсць рабочая група, і мы будзем прапаноўваць ураду пэўныя інструменты для таго, каб у нейкай частцы манетызаваць паслугі Skype, Viber і іншых падобных да гэтых тэхналогій», — сказаў ён.

Указ № 98 стварае сістэму процідзеяння парушэнням парадку пропуску трафіку на сетках электрасувязі. Згодна з дакументам карыстальнікам забараняецца прымяняць праграмныя і тэхнічныя сродкі, у сукупнасці якія выкарыстоўваюцца для пераўтварэння пратаколу абмену дадзенымі, па якім перадаюцца галасавыя і іншыя паведамленні электрасувязі ад абанента, які выклікае, і перадачы гэтых паведамленняў выкліканаму абаненту з выкарыстаннем абаненцкіх нумароў, якія не належаць абаненту, які выклікае. Такая дзейнасць будзе з'яўляцца незаконнай і будзе мець вынікам адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі. Згодна з указам аператары абавязаныя ажыццяўляць пастаянны маніторынг парушэнняў парадку пропуску трафіку. У выпадку выяўлення такіх парушэнняў яны маюць права прыпыніць аказанне паслуг абаненту і блакаваць пропуск трафіку па IP-пратаколе. 

Дакумент апублікаваны 16 сакавіка, яго асноўныя палажэнні набудуць моц праз шэсць месяцаў пасля апублікавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?