Лілія Ананіч

Міністэрства інфармацыі Беларусі працуе над удасканаленнем закона «Аб друку і іншых СМІ». Пра гэта паведаміла першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч 22 красавіка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, неабходнасць развіцця заканадаўства аб СМІ тлумачыцца тымі зменамі, якія адбыліся ў інфармацыйнай прасторы за апошнія 15 гадоў, з часу прыняцця закона «Аб друку і іншых СМІ». У прыватнасці, за гэты час з’явіліся і набылі пэўную папулярнасць інтэрнет‑СМІ. Акрамя таго, як зазначыла Л.Ананіч, беларускі закон сёння фактычна з’яўляецца калькай з расійскага закона, які быў прыняты яшчэ раней.

«Ён не перашкаджае нам працаваць. Але калі заканадаўства пачынае адставаць ад развіцця інфармацыйнай прасторы, гэта няправільна», — зазначыла першы намеснік міністра.

Л.Ананіч паведаміла, што ў новай версіі дакумента плануецца заканадаўча ўрэгуляваць дзейнасць інтэрнет‑СМІ. У тым ліку плануецца вызначыць, ці з’яўляюцца самастойнымі СМІ інтэрнет‑версіі друкаваных выданняў.

Паводле слоў Л.Ананіч, сёння таксама з’явілася шмат пытанняў, што тычацца паняційнага апарату і правапрымяняльнай практыкі ў галіне СМІ.

«У нас у краіне ўжо не першы год працуе новы Грамадзянскі кодэкс, там ужо іншыя дэфініцыі, якія не ўкладваюцца ў закон «Аб друку і іншых СМІ», — сказала Л.Ананіч.

Першы намеснік міністра зазначыла, што цяпер Мінінфармацыі фармулюе прапановы і ўносіць іх у Нацыянальны цэнтр законапраектнай дзейнасці. Яна не выключае, што першыя вынікі гэтай працы будуць абмяркоўвацца ў межах XII Міжнароднай спецыялізаванай выставы «СМI ў Беларусi», якая пройдзе 28 красавіка — 1 мая.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0