20 красавіка ў Мінску абвалілася вежа Пішчалаўскага замка, у будынку якога знаходзіцца сьледчы ізалятар МУС. Ніхто не пацярпеў, — сьцьвярджае варта СІЗА.

20 красавіка ў Мінску абвалілася вежа Пішчалаўскага замка, у будынку якога знаходзіцца сьледчы ізалятар МУС. Ніхто не пацярпеў, — сьцьвярджае варта СІЗА.

На працягу ўсёй сваёй гісторыі, якая пачалася ў далёкім 1825 годзе, Пішчалаўскі замак быў турмой. І ня толькі для крымінальных злачынцаў… І паўстанцы Кастуся Каліноўскага, і рэвалюцыянэры‑марксысты, і далёкія ад зброі дзеячы беларускай культуры праходзілі праз браму гэтага будынка.

Некаторыя — толькі ў адзін бок…

Турма ў самым сэрцы гораду была любімым прыёмам застрашэньня ў часы абсалютызму. Цяпер у Эўропе ўлада сьцьвярджае сябе іншымі мэтадамі і турмы з гарадзкіх цэнтраў зьніклі.

На месцы Бастыліі — якая пала — праз 200 гадоў збудавалі Опэру.

У 2005 годзе брытанская сэтка гатэляў Мальмэзон ператварыла ў звышшыкоўны гатэль найстарую турму Брытаніі. Адзін з найдарагіх гатэляў знаходзіцца ў цэнтры Оксфарду.

У суседняй Эстоніі зусім нядаўна зачынілася турма, якая мясьцілася ў старой крэпасьці Таліна. Цяпер там музэй.

А выспа Робэн‑Айлэнд, дзе правёў 18 гадоў у затачэньні змагар з апартэідам Нэльсан Мандэла, цяпер улюбёнае месца турыстаў, якія наведваюць Паўднёвую Афрыку.

А што б хацелі разьмясьціць у Пішчалаўскім замку беларусы?

* * *

Тацяна Сапач, паэтка: «Помнік жанчыне, якая чакае асуджанага каханага»

Я б усталявала там нешта казачнае. Дзяўчыну з даўгой касой, напрыклад. Яна б паглядала на навакольле — магчыма, чакаючы зь няволі свайго суджанага.

Зьміцер Колас, выдавец: «Музэй стаўленьня да вязьняў рознымі ўладамі».

Гэтая крэпасьць адпачатку выконвала тыя функцыі, якія яна выконвае й сёньня. Але ўмовы ўтрыманьня ў розныя часы былі розныя. Чым адрозьніваюцца цяперашнія ўмовы ад тых, якія былі адразу па збудаваньні крэпасьці? Цікава паглядзець, як ставіліся да зьняволеных — менавіта ў нас — розныя ўлады ў розныя часы. З гэтай мэтай, добра было б стварыць музэй.

Юры Хашчавацкі, рэжысэр: «Цэнтар вольнага мастацтва».

Па першае, я хацеў бы сказаць, што разбурэньне вежы — гэта, безумоўна, вынік шкодніцкага ўплыва Захада. КДБ недзе не дасачыла, і вежа Пішчалаўскага замка пайшла па шляху французскай Бастыліі.

Што тычыцца адноўленай вежы, я б зрабіў там культурніцкі цэнтар маладзёвых — нетрадыцыйных, авангардных мастацтваў. Можна было б разьмясьціць у ёй студыі мастакоў і гуртоў. Замест арыштантаў, якія былі пазбаўленыя свабоды, там будуць людзі, якім свабоду б далі напоўніцу.

Аляксандар Дабравольскі, палітык: «Музэй славутых вязьняў».

Музэй славутых беларусаў, якія былі зьняволеныя ў гэтым замку — такіх, як Якуб Колас, напрыклад. Улада заўсёды карысталася судовым перасьледам сваіх апанэнтаў, і яшчэ невядома, каго сярод славутых суайчыньнікаў болей — тых, хто сядзеў, ці тых, хто не сядзеў. У 30‑я гады мінулага стагодзьдзя былі рэпрэсаваныя многія яскравыя прадстаўнікі беларускага народа. Таму ў той вежы трэба зрабіць музэй, прысьвечаны тэме зьнішчэньня беларускага інтэлектуальнага патэнцыялу. Каб людзі ведалі й памяталі.

Барыс Звозкаў, праваабаронца: «Музэй савецкай карнай сыстэмы».

Увогуле, замак — гістарычная каштоўнасьць, а ня места для такой установы, якой ёсьць турма. Гэта ня робіць гораду гонару… Турма павінная быць перанесенае куды небудзь за горад. А сам замак можа стаць аб’ектам экскурсыяў. І як архітэктурна‑гістарычная каштоўнасьць, і як музэй савецкай пэнітэнцыярнай сыстэмы, па аналёгіі з музэем КДБ у Вільні. У старажытных замках нам нарэдка паказваюць прылады катаваньняў… Так і ў Пішчалаўскім замку павінен быць падобны музэй.

Міхал Анемпадыстаў, дызайнер: «Галоўнае, каб будынак захаваўся…»

Бяз сэнсу рабіць нешта ў адной вежы. Вырваны з кантэксту гістарычны аб’ект застаецца падробкай. Мяркую, там можа разьмяшчацца нейкая ганаровая варта, элітная вайсковая частка… Альбо гатэль ці нават жылыя памяшканьні — «на аматара», бо гэта, збольшага, пярэчыць унутранай энэргетыцы будынку… Але ўнутраная пляніроўка для ўсяго гэтага падыходзіць. Ёсьць прыклады такіх зьменаў, існуюць адпаведныя тэхналёгіі. У кожным выпадку, што б там не разьмясьцілася — галоўнае, каб гэты будынак захаваўся.

Міхаіл Пастухоў, прафэсар права, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суда Беларусі: «Музэй невінавата асуджаных»

Гэтую крэпасьць — Пішчалаўскі замак — трэба захаваць як гістарычны помнік. Там можна было б убачыць, што рабілася ў турме да апошняга часу. Зрабіць музэй, каб паказаць, у якіх умовах утрымліваліся людзі, аднавіць рацыёны ежы. Скласьці сьпісы вязьняў і паставіць шыльды зь імёнамі тых людзей, якія патрапілі туды без віны.

Макс Шчур, літаратар: «Музэй расейскай акупацыі».

Некалі я быў на Валадарцы ня ў якасьці зэка, але й як наведвальнік музэю творчасьці зэкаў. Па аналёгіі, можна было б стварыць яшчэ й музэй рэпрэсаваных. Акрамя таго, замак пабудаваны ў 1825 годзе, то бок ужо пры расейскай уладзе. Таму можна стварыць у той вежы Музэй расейскай акупацыі. Такі музэй, калі ствараць яго па аналёгіі з музэем Рымскай імпэрыі, напрыклад, толькі ўпрыгожыў бы горад.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?