Міністар сувязі і інфарматызацыі Мікалай Панцялей паведаміў, што апэратар сотавай сувязі «БеСТ» здольны рэалізаваць уласную інвэстыцыйную праграму самастойна.

Яшчэ ў красавіку мінулага году А. Лукашэнка заявіў пра магчымы продаж кампаніі «БеСТ». На пачатку красавіка 2008 году вядучы турэцкі апэратар мабільнай сувязі «Турксел» («Turkcell») афіцыйна заявіў пра рашэньне прэтэндаваць на набыцьцё беларускага дзяржаўнага апэратара сотавай сувязі.

Туркі гатовыя былі набыць кантрольны пакет кампаніі, але беларускі бок меў свой погляд на ўгоду — турэцкая кампанія павінная купіць «БеСТ» цалкам.

Цяпер Мінсувязі выказаў новае бачаньне разьвіцьця дзяржаўнага апэратара сувязі. На сёньня «БеСТ» выконвае сваю інвэстыцыйную праграму і да чэрвеня 2008 г. павінен мець 1.130 базавых станцый ва ўласнай сетцы. Пад дадзены аб’ём староньні інвэстар апэратару сотавай сувязі не патрэбны, — перадае словы міністра БелаПАН.

Варта адзначыць, што раней у прэсе часьцяком зьяўлялася інфармацыя пра дрэннае фінансавае становішча дзяржаўнага апэратара.

Інтэрнэт‑газэта «Салідарнасьць» неаднойчы паведамляла пра праблемы «БеСТа» — то пра магчымае адключэньне некаторых станцыяў кампаніі за нявыплаты, то пра марудны рост абанэнцкай базы і скарачэньне дылерскіх пунктаў продажу і абслугоўваньня абанэнтаў кампаніі. Фінансавы стан кампаніі і невыкананьне ёй прагнозных паказчыкаў сталі нагодай для крытыкі з боку намесьніцы міністра сувязі Ларысы Лабковіч сёлета ў лютым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?