Мяркую, імя Марыі Роўда ў многіх асацыюецца з «дубаўцоўскай» «Нашай Нівай». Прынамсі, для мяне яна, разам з Таццянай Сапач і Ганнай Матусевіч, з кагорты тых аўтараў, дзякуючы якім штомесяц, а пасля штотыдня я чытала газету, якая была больш чым любімай — проста неабходнай… Ах, як праглыналіся гэтыя тэксты, у якіх кожнае слова — нечаканае, аднак дакладнае, заўжды сапраўднае, свабоднае, з рэзкім водарам нонканфармізму, выразна таленавітае…

Але вось пра што падумалася, калі гартала кнігу спадарыні Марыі.

Тады, дваццаць год таму, здавалася, што з гэтай іскры сапраўднасці неадменна павінна разгарэцца сапраўднае полымя — полымя паўнавартаснай, магутнай беларускай культуры.

А яно не разгарэлася.

Тады, дваццаць год таму, «Нашай Нівы» прадавалася 3000 асобнікаў раз на месяц, а кнігі па-беларуску выходзілі накладам 5—7 тысяч. Цяпер, праз дваццаць гадоў, «НН» выходзіць накладам 6000, плюс да таго яе чытаюць са 120 тысяч камп'ютараў, а беларускія кнігі выходзяць тыражом 100—300 асобнікаў.

Наклад зборніка Марыі Роўда – 250 асобнікаў. Такі ж наклад і кнігі лаўрэата прэміі Гедройца мінулага года Віктара Казько «Час збіраць косці». Калі кніга прадалася накладам з тысячу-дзве, то гэта ўжо бэстсэлер!

І гэта – на дзевяцімільённую Беларусь…

У Саюзе беларускіх пісьменнікаў, які выдаў «Клінічны выпадак…» у серыі «Кнігарня пісьменніка» — каля 400 чалавек. Думаю, прыкладна столькі ж сяброў і ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі. От і выходзіць: фактычна, кнігі сённяшніх беларускіх аўтараў, кнігі па-беларуску, не маюць чытачоў. Пісьменнікі пішуць літаральна для сваёй унутранай «кнігарні». Самі напісалі, самі прачыталі, самі на сябе склалі рэцэнзіі… Полымя не разгарэлася, вуголле ў вогнішчы ледзь тлее;

дзе-хто кажа, што тыя, хто цяпер падтрымлівае ў ім агонь, — героі, бо не даць яму патухнуць няпроста.

А некаторыя кажуць: гэта не героі, а лузеры і негадзяшчыя, бо гэта менавіта яны фактычна загубілі беларускую літаратуру, а магчыма, адказныя і за варты слёз стан беларускай мовы…

Вядома, зніжэнне накладаў і колькасці аматараў літаратуры назіраецца ва ўсім свеце. Але ж не да такой мізэрнай колькасці!

Дык чаму так выйшла? Дзе прычына? Кароткага і простага адказу, натуральна, няма.

Але так ці інакш, мы ў Беларусі дажыліся да таго, што, каб гаварыць на дзяржаўнай беларускай мове ці чытаць на ёй, аграмаднай большасці трэба рабіць высілак. І, па маіх назіраннях, людзі не супраць гэты высілак рабіць!

Але вось разгортвае чалавек беларускую кніжку, пачынае разбіраць непрывычныя словы — а тэкст яму нецікавы, нудны. Кніжка загортваецца. Раз такое адбылося, два, тры — і патэнцыйны чытач губляе ахвоту чытаць па-беларуску.

Лаўлю сябе на думцы, што зараз лепш увогуле не друкаваць нічога, чым друкаваць па-беларуску другарадныя тэксты. Бо ў нашых умовах кожны такі тэкст — цвік у труну беларускай літаратуры, а мажліва, і мовы. І ў гэтым кантэксце літаральна кожная выдадзеная кніга набывае асаблівую вагу.

Кожны тэкст па-беларуску мусіць трапляць у цэль. Кожны павінен быць піражком для сваёй мэтавай аўдыторыі. І мэтавая аўдыторыя, у ідэале для літаратуры, мае быць як мага больш шырокай.

Аповесці і апавяданні спадарыні Марыі другараднымі не назавеш.

Марыя Роўда мае свой адметны стыль, які змяніўся з часоў яе першых аповедаў у «НН», але застаўся пазнавальным, складаным і тым прыцягальным. Каханне адукаванай, сэлф-мэйд, моцнай і разумнай жанчыны, якая ведае сабе цану, паходзіць з шляхетнай і інтэлігентнай сям’і — вось асноўная яе тэма. Але хто мэтавая аўдыторыя пісьменніцы? Наколькі яна вялікая? Відаць, найперш такія вось элітна-рафінаваныя сэлф-мэйд-вімэн. Нават расейскамоўная такая жанчына не знеахвоціцца чытаць, бо — класна напісана, што казаць!

Яшчэ адна тэма пісьменніцы Роўды — гэта беларуская дынастыя. Дынастыя тых, хто лічыў за мэту ствараць. Хто вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Пра гэта нячаста пішуць.

Мне асабіста лірычная гераіня спадарыні Марыі няблізкая. Відаць, я хутчэй з таго звычайнага, неэлітнага натоўпу, з пасажыраў «транспарту», да каго гераіня ставіцца паблажліва, калі не з пагардай. Дый каханне ніколі не падавалася мне аж такой адзінай вартай літаратурнай тэмай, як спадарыні Марыі… Але гэта няважна.

Што мне безумоўна падабаецца ў тэкстах аўтаркі — што яна не баіцца неўнармаванасці мовы, беражліва і трапятко ставіцца да роднай для яе гаворкі «азёрнага краю». Дыялект, усе гэтыя «зайсці замуж», «кароў на пасту», «зніштожыць», «Ганна — наша хлюба» – смакоцце, любата жывая, чапляе!

Да слова, па-мойму, натуральнасць мовы ў іншых аўтараў — абавязковая прыкмета таленту. Амаль заўсёды яны спалучаюцца і з захапляльнасцю сюжэта, і з глыбінёй думак. Заўсёды з асалодаю чытаю ў ФБ зацемкі Васіля Грыня, Андруся Горвата, Людмілы Рыжанковай, бо мова іх жывая будзіць водгук у душы, і неяк да гэтай жывой мовы і сюжэты жывыя дадаюцца.

А вось тэксты на стэрыльнай, унармаванай «Лукашанцавай» ці штучнай «свабодаўскай», заўважаю, чамусьці часта і сюжэты штучныя маюць. Хаця чаму «чамусьці»? Гэта якраз і зразумела: жывое да жывога, штучнае да штучнага.

…Але вяртаюся да тэмы карыснасці / шкоднасці кнігі Роўда для беларускай літаратуры. Думаю, «Клінічны выпадак…» нікому не схочацца шпурнуць аб сцяну.

Але якая яшчэ кніга магла б выйсці за межы? Стаць, як у свой час кнігі Караткевіча, значным нацыятворчым чыннікам?

Салжаніцын піша ў «Бадалася цяля…», што, калі атрымаў Нобелеўскую прэмію, сказаў сабе: «Ну, зараз я гэты Савецкі Саюз развалю!». І гэта ж яму ўдалося!

Наша Нобелеўская лаўрэатка, напэўна, не ставіць перад сабой мэты «разваліць» існуючы ў Беларусі рэжым. Але як моцна, натхняльна, нацыятворча паўплывала б на многае, як сімвалічна б было, калі б Святлана Алексіевіч, якая дасягнула ўсяго як рускамоўная аўтарка, якая цяпер мае велізарны ўплыў на калектыўны дух усёй планеты Зямля, напісала б і выдала свой новы твор па-беларуску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?