Анатоль Лябедзька прапануе дэмакратычным сілам у 2008 і 2010 гадах дзейнічаць па той жа схеме, што і ў 2004 ці 2006-м. Камэнтар рэдакцыі.

«Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька прапаноўвае нацыянальным лідэрам узначаліць адзіны спіс кандыдатаў Аб’яднаных дэмакратычных сіл (АДС) на парламенцкіх выбарах 2008 года. Пра гэта ён сказаў 20 красавіка на XI з’ездзе АГП.

«Неабходна, каб Аляксандр Казулін, Аляксандр Мілінкевіч, Мікалай Статкевіч, Станіслаў Шушкевіч персанальна заявілі пра сваё жаданне ўзначаліць адзіны спіс, — зазначыў палітык. — Яны павінны ўзяць пад асабістую адказнасць адну з акругаў Мінска. Менавіта адсюль павінны пайсці перамены па ўсёй краіне».

А.Лябедзька акцэнтаваў увагу на А. Казуліне, які, як вядома, адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі. »Калі ён заявіць пра жаданне вылучацца ў дэпутаты з турмы, то яго, вядома, не зарэгіструюць. Але людзі павінны ведаць, што ён гатовы павесці іх за сабою. Апрача таго, замест яго можа вылучацца яго дачка», — лічыць лідэр АГП.

Паводле слоў А. Лябедзькі, прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі гатовы вылучацца па пяці акругах Мінска. «Калі знойдуцца нацыянальныя лідэры, гатовыя вылучыцца па Мінску, нашы кандыдаты з адзінага спісу саступяць ім свае акругі», — сказаў ён.

Палітык таксама лічыць важным пачаць перамовы аб адзіным кандыдаце ад дэмсіл на прэзідэнцкіх выбарах 2011 года. А. Лябедзька ўпэўнены, што ўжо цяпер неабходна рыхтаваць стратэгію дзеянняў дэмакратычных сіл падчас прэзідэнцкай кампаніі, распрацоўваць правілы вылучэння адзінага кандыдата.

Апрача таго, ён прапанаваў правесці летам чарговы Кангрэс дэмакратычных сіл. «Датай яго правядзення можа быць 27 ліпеня. Кангрэс можна правесці адкрытым, святочным, каб кожны грамадзянін мог прыйсці туды і пачуць, што зрабілі дэмсілы на працягу апошняга года», — лічыць лідэр АГП».

Гэта паведамляе агенцтва БелаПАН.

Прапановы А. Лябедзькі канкрэтныя і ясныя.

Стары‑новы лідэр АГП знайшоў фармулёўку для свайго суперніка ад 2005 году Мілінкевіча — нацыянальны лідэр, пры гэтым паставіўшы Мілінкевіча, каторы застаецца самым пазнавальным дзеячом апазыцыі, у адзін шэраг зь першым кіраўніком РБ і двума палітвязьнямі, «дзейны» зь якіх мае амбіцыю з нацыянальнага стаць агульнанацыянальным.

Кідаецца ў вочы, што А. Лябедзька прапануе дэмакратычным сілам дзейнічаць гэтаксама як яны тое рабілі ў 2004 ці 2006 гадах. Г.зн., дзейнічаць па правілах, па якіх апазыцыя дзейнічала ў напаўаўтарытарных краінах, як Украіна, Сэрбія ці Зымбабвэ (і ўрэшце дабівалася ў іх посьпеху). Удзельнічаць у выбарах, хай і на няроўных умовах. Ствараць і захоўваць кааліцыю і вылучаць кандыдатаў. Вылучаць адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары, пакуль яны праводзяцца, пакуль апазыцыйнага кандыдата рэгіструюць, і весьці прэзыдэнцкую кампанію, робячы выгляд, што ў краіне вядзецца кампанія, нават у сытуацыі, калі ў тваёй машыне штоноч прабіваюць колы, а сустрэчы з выбарцамі разглядаюцца як несанкцыяваныя мітынгі. Лябедзька перакананы, што нават паралізаваная кампанія лепшая, чым байкот на кухнях, і будуе разьлік на тым, што ўлады некалі ў нейкі ж камень ды спатыкнуцца калісьці.

Палітычныя ўмовы ў Беларусі не ідуць у параўнаньне з украінскімі‑2004, вэнэсуэльскімі‑2007 і нават зімбабвійскімі‑2008, бо ў Беларусі няма нават у аслабленым выглядзе ніводнай незалежнай галіны ўлады. Не засталося ніводнага легальнага агульнадаступнага СМІ, якое б адлюстроўвала б пазыцыю апазыцыі. Падлік галасоў праводзіцца келейна, а тых, хто падлічвае, прызначае фактычна адзін з кандыдатаў. Ён жа за дзяржаўны кошт утрымлівае сваіх прапагандыстаў. Больш за тое, ягоная ідэалёгія абвешчаная дзяржаўнай, а ўсе, хто супраць яго, атрымалі статус «антыдзяржаўных сілаў». Для замацаваньня такой сытуацыі без ваганьняў ужываецца сіла, у выніку на момант мінулых выбараў за кратамі сядзелі ўсё кіраўніцтва штабоў і штабікаў апазыцыйнага кандыдата — што не зашкодзіла, праўда, адбыцца Плошчы.

Што вынікае з схемы Лябедзькі? Што пры такіх акалічнасьцях апазыцыя ўсё ж гатовая пайсьці на выбары‑2010 па схеме выбараў‑2006, што адзіны кандыдат мусіць вызначацца шляхам «перамоваў» — маюцца на ўвазе, бадай, міжпартыйныя перамовы.

Лідэрам апазыцыі‑2010, калі трымацца гэтай схемы, ня мае права стаць Казулін, бо ня мае права балятавацца, згодна з вынікамі суду, і маюць зьнікомыя шанцы стаць нейкія новыя лідэры. Шанцы маюць Мілінкевіч, сам Лябедзька і вечна трэці Калякін з ПКБ.

Імаверна, Лябедзька прапануе апазыцыі паўтор сцэнару 2004‑2006, бо мяркуе, што яна ня мае дастаткова рэсурсу, волі і прасторы для манэўру, каб зрэалізаваць нейкі іншы сцэнар. Магчыма, гэта сапраўды так.

Якія альтэрнатыўныя прапановы, іншыя стратэгіі? На гэтае пытаньне павінны прагучаць такія ж ясныя адказы, як Лябедзькаў. Добра было б, каб іншыя партыі і грамадзкія сілы, што атаесамляюць сябе з апазыцыяй і альтэрнатывай, ня бавіліся з фармуляваньнем іх, калі хочуць каб іхныя прапановы ўсур’ёз абмяркоўваліся. Тым больш што наступныя выбары прыпадаюць такі скарэй на канец 2010, а не 2011 году.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0