Расійская нацыяналістычная арганізацыя БАРС (Балтыйскі авангард рускага супраціву), што базуецца ў Калінінградзе, апублікавала відэазварот да польскіх нацыяналістаў.

На відэа кіраўнік арганізацыі Аляксандр Аршулевіч выступіў у падтрымку цяперашняга палітычнага курса Польшчы, заклікаў падтрымаць цяперашні польскі ўрад, а таксама выказаў польскім нацыяналістам падтрымку ад іх рускіх братоў па ідэі. Аршулевіч прамаўляе па-польску, але маюцца і рускія субцітры.

«Панове польскія нацыяналісты! — звяртаецца Аршулевіч. — Ваша шматвекавая барацьба за суверэнітэт і нацыянальную культуру заслугоўвае вялікай павагі, — кажа ён. — Толькі крывадушнікі могуць сёння казаць пра адсутнасць дэмакратыі ў Польшчы. Заклікаю вас таксама падтрымаць цяперашні кансерватыўны ўрад Польшчы ва ўсіх яго добрых пачынаннях. Сёння, як ніколі, ад нас, кансерватараў і хрысціян, патрабуецца палітычнае адзінства».

Арганізацыя БАРС была ўтворана ў 2008 годзе ў Калінінградзе (дарэчы, самі яе прыхільнікі называюць свой горад выключна Кёнігсберг). Варта адзначыць, што БАРС адкрыта выступае супраць захопніцкай палітыкі дзеючага расійскага ўрада і прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. У 2014 годзе арганізацыя заявіла аб сваім рашэнні супрацоўнічаць з праваліберальнымі коламі для змены ўлады ў Расіі. Таксама сябры арганізацыі не прызнаюць легітымнасць РПЦ, хоць і з’яўляюцца праваслаўнымі вернікамі – яны падтрымліваюць Рускую Праваслаўную Царкву за мяжой (РПЦЗ). БАРС супрацоўнічае з нацыяналістычнымі арганізацыямі ў Еўропе і ідэалагічна выступае супраць расійскага шавінізму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?