Як паказала крымская вясна, расійцы пачуваюцца самым нявінным народам планеты. На сумленні расійцаў няма ніводнай плямы. Расійцы ўпэўнены, быццам на працягу ўсёй сваёй гісторыі яны заўжды былі ахвярамі. Народ-мучанік, народ-пакутнік, народ-баганосец. У іх уяўленні Расію атачаюць драпежныя і подлыя народы, да якіх яны з адкрытай душой, а тыя ў адказ кусаюць і абражаюць.

Спіс прэтэнзій расійцаў да суседзяў бясконцы.

Суседзі вінны расійцам за «вялікую культуру», за Гагарына, за загадкавасць. Расійцы не вінны суседзям ні капейкі.

Таму, калі раптам паўстане патрэба, расійцы ахвотна пагодзяцца на анексію чаго-небудзь і на ўварванне куды заўгодна, бо пачуваюцца пакрыўджанымі з усіх бакоў.

Бутаўскі палігон, Масква, 2015. Фота ria.ru

Бутаўскі палігон, Масква, 2015. Фота ria.ru

Віна – увогуле рэч непрыемная. Жыць з ёю цяжка.

Прыкладам, немцы доўга і зацята супраціўляліся ёй. Гэта апісвае Алейда Асман у сваёй кнізе «Новая незадаволенасць мемарыяльнай культурай» [кніга толькі што выйшла па-руску ў выдавецтве «НЛО». – Рэд.]. Немцам прасцей было прыдумаць сабе апраўданні, няхай і хісткія, абы не прызнавацца ў сваіх памылках.

Прыкладам, адзін час былі папулярныя публіцысты, якія паказвалі нацыянал-сацыялістаў у выглядзе неймаверных пачвар. Атрымвалася так, што сусветную бойню развязалі не немцы, а нейкія монстры. Страшныя і крыважэрныя. Простыя немцы да гэтага не маюць ніякага дачынення. Уся віна ляжыць на нацыстах.

Альбо іншы варыянт: немцы ўзгадваюць, колькі зла ім прынеслі нацыянал-сацыялісты. Мільёны загінулых, разбурэнне старажытных нямецкіх гарадоў, акупацыя краіны, падзел яе на дзве часткі. І, вядома, рэпутацыя. Пасля нацыянал-сацыялістаў Германіі ўжо не быць проста радзімай Марціна Лютэра. Гэтыя пакуты, якія нарабілі немцам нацыянал-сацыялісты, нібы ставяць немцаў у адзін шэраг з габрэямі, што выжылі. І пасля таго, як жудасныя нацыянал-сацыялісты атрымалі квіток на шыбеніцу, немцы і тыя народы, якім таксама дасталася, могуць са спакойнай душой абняць адзін аднаго. Немцы – ахвяры, як і астатнія.

Быў варыянт з замоўчваннем: немцы сыходзілі ад гутаркі, аддавалі перавагу рабіць выгляд, быццам мінулае засталося ў мінулым і трэба жыць новымі праблемамі. Маўляў, не варта варушыць старыя крыўды. Сказанага ў першыя гады акупацыі цалкам дастаткова.

Яшчэ варыянт – адмаўляцца ад сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці і ўзяць іншую. Як піша Асман, пад канец шасцідзясятых так паступалі маладыя немцы, калі даведваліся, чым папраўдзе займаліся іх бацькі пры нацыянал-сацыялізме. У крайніх выпадках маладыя людзі, каб не падзяляць са сваімі бацькам адказнасць за Халакост і за мясарубку на два фронты, прымалі юдаізм. Яны адмаўляліся ад дачынення да нямецкай нацыі, не жадаючы мірыцца са становішчам вінаватага.

Яшчэ – сказаць, што адказнасць не можа быць калектыўнай. Адказнасць бывае толькі індывідуальнай. Кожны адказвае сам за сябе.

І таму, калі няма доказаў віны, прыдатных для суда, няма і самой віны. Каб быць вінаватым, трэ’ было, да прыкладу, уступіць у партыю, зрабіць кар'еру, пакінуць свой подпіс. Калі гэтага не было, калі немец быў не згодзен з тым, што рабілі нацыянал-сацыялісты, і ўхіляўся ад удзелу ў іх справах, то ніякай віны на ім як на немцу няма. Пакаленне немцаў, якія нарадзіліся пасля 45-га, у прынцыпе не можа несці ніякай адказнасці за тое, што было да іх народзінаў.

Але так ці інакш, праз ухіленні і памылкі, немцам усё ж удалося прыняць віну.

Нешта падобнае быццам бы адбывалася і ў Расіі пасля распаду Савецкага Саюза. Былі спробы ўсвядоміць сваё мінулае, якім яно было папраўдзе. І не толькі камуністычнае, але і мінулае імперыі, што жыла за кошт эксплуатацыі калоній. Але, калі меркаваць па стане цяперашніх СМІ, памяць расійцаў, у адрозненне ад памяці немцаў, у выніку спрацавала зусім інакш. Бутаўскі палігон, жудасны фільм «Чэкіст», кнігі Салжаніцына і Шаламава прывялі да адваротнага выніку.

Па-першае, расійцы ў масе сваёй канчаткова прыйшлі да высновы, што не маюць ніякага дачынення да злачынстваў савецкага перыяду. Злачынствы – справа рук камуністаў, а камуністы – не расійцы. Гэта ўчынілі эстонцы, габрэі, грузіны і кітайцы. На грошы германскага Генеральнага штаба і на грошы сусветнага закулісся. Вось хай яны і адказваюць.

Расійцы, да прыкладу, не вінаваты ў дэпартацыі крымскіх татар. Скаргі татар выглядаюць сама меней бестактоўнымі. Расійцы пакутавалі не менш за татар. З іх пункту гледжання, калі татары кажуць пра свае пакуты ад расійцаў, яны абавязаны згадаць пра пакуты саміх расійцаў ад камуністаў. Інакш, лічаць расійцы, гэта хлусня і правакацыя.

Па-другое, ніякіх злачынстваў зусім не было. Была суровая, скажам, ваенная патрэба, і было б больш разумна даўно пра ўсё забыцца.

Але, трэцяе і галоўнае, пакуты расійцаў звязаны з тым, што яны проста былі дрэннымі расійцамі.

Трэба больш самадзяржаўя, дзяржаўнага праваслаўя, казацтва, юдафобіі, войн і анексій. Раманаўская Расія прайграла з-за сваёй мяккасці. Яна перастала быць сама сабой. Адсюль выснова: расійцам няможна ўхіляцца ад свайго адменнага шляху. Шлях расійцаў — звышдзяржава. Шаламаў, Салжаніцын і іншыя папраўдзе вучаць расійцаў, што трэба вярнуцца да імперыі і давесці яе да канца. Трэба ўзмацніць кожную фарбу, якая была тады.

Так у выніку Бутаўскі палігон, які павінен быў бы абараніць расійцаў ад звароту да мінулага, як Халакост бароніць немцаў ад паўторнага захаплення ідэямі нацыянал-сацыялізму, ператварыўся, наадварот, у партал, які вядзе ў мінулае, але яшчэ далейшае. Адпіхаючыся ад памяці пра чырвоныя рэпрэсіі, якія няправільныя, расійцы чакаюць новых рэпрэсій, белых, таму што яны правільныя. Менавіта гэтым расійцы цяпер калектыўнае і займаюцца, пакуль святкуюць паўторнае заваяванне Крыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?