Трое ў пухавіках і чорных вязаных шапачках валаклі аднаго. Той адзін то ішоў смірна, то нібыта спрабаваў вырывацца — тады рукі яму выкручвалі яшчэ больш старанна. Найтаўсцейшы з канваіраў, у сіняй падшыванай куртцы, перыядычна рабіў «палоннаму» падножкі, гупаючы сваім вастраносым ботам па ягоных зношаных кросах у раёне ахілесавых сухажылляў.

— Пайшлі, пайшлі, не абарачвайся, — трымаючы дыстанцыю, праслізнулі побач па сценачцы трансфарматарнай будкі два «памаранчавыя» супрацоўнікі ЖЭСу, вусаты дзядзька і жанчына.

Хлопца валаклі ў напрамку сіняга бусіка. Калі адлегласць склала пару дзясяткаў метраў, дзверы ў машыне ад’ехалі. Энергічная кампанія спынілася ля дзверак, «палонны» нават выпрастаўся, запхаў рукі ў кішэні.

— Стал, как барін! Залазь, мля! — гаркнуў таўсташчокі з вачыма навыкаце і выпісаў хлопцу падзатыльнік.

У салоне, з завешанымі фіранкамі і чахламі са штучнай скуры на сядушках, сядзеў толькі адзін чалавек у кепцы. Калі ўсе расселіся, а матор загудзеў, чалавек усміхнуўся і дастаў з унутранай кішэні дзве купюры:

— Красава!

 

* * *

«Прыйдзе вясна, будзе бачна, хто дзе насраў», — кажуць зазвычай пра нейкія карупцыйныя схемы. Для жыхароў Дамброўскага гэта зусім не метафара. Светла-карычневыя купкі на цёмна-шэрым асфальце з дзіркамі, як у швейцарскім сыры, ды на газоне з фарбаванымі ў жоўты турнікамі ці то для падцягвання, ці то для выбівання дываноў штодня аб гэтым нагадвалі.

Іван Сямёнавіч Бакланаў паліў на ганку панэльнага пяціпавярховіка ды ўзіраўся ў суседні дом з поштай на першым паверсе. Паліць можна было б і на балконе, але ён стараўся выходзіць на вуліцу: агледзець двор, спраўдзіць агульную абстаноўку. Трэба было кінуць вокам на новапрыпаркаваныя машыны, вывучыць аб’явы ЖЭСу на дзвярах. З Іванам Сямёнавічам віталіся, але не размаўлялі. Ён у адказ рытуальна ківаў галавой.

У Гродна Іван Сямёнавіч перабраўся ў 80-я, пасля службы ў Вільдэрпарку пад Дрэздэнам. Пра тыя залатыя часы ў трохпакаёўцы на першым паверсе па вуліцы Дамброўскага нагадвала «дэфіцытная» гэдээраўская мэбля, дыван на сценцы з пастаральным сюжэтам — ліса драпежна глядзіць на стаў з лебедзямі, а ззаду красуе вадзяны млын, — а таксама белы парцалянавы слон з адбітым біўнем і кляймом «Karl Ens».

Па-над пісьмовым сталом на кніжнай паліцы стаяла некалькі тамоў Акуніна ў таннай мяккай вокладцы ды «Звезда генерала Колчака». Уся рэшта бібліятэкі, у тым ліку белетрыстыка памерлай жонкі-настаўніцы нямецкай мовы, пераехала на дачу ў «ведамственным» кааператыве: Чэйз і ранні Кінг аселі на бліскучых падвясных паліцах з ДВП на абабітых вагонкай сценах, «Письма Н.К.Крупской», «Ленин в Париже» пайшлі ў камін, як неактуальныя.

Зрэшты, Акунін з Калчаком у хаце таксама зарасталі покрывам пылу: Іван Сямёнавіч даўно нічога не чытаў, а апошні год дык наогул не вылазіў з лякарні. Усе нечаканыя змены ў рэспубліцы ён сустрэў у стане, пра які марыць большасць начальнікаў і афіцэраў-тылавікоў: у стане поўнай адключкі.

* * *

Над камп’ютарам Сержука красаваў сцяг, утыканы значкамі, як лялька вуду, ды партрэт лысаватага палітыка са стаічным квадратным падбароддзем. Калі год дзесяць таму Сяржук зайшоў на партыйны офіс аднаго пратэстнага руху, каб напісаць заяву на ўступленне ў ягоны моладзевы прыдатак, то лічыў, што заскочыў «у апошні вагон». Рэжым у чарговы раз меўся вось-вось паваліцца, а Сержуковы аднакурснікі — заняць цёплыя месцы ў гарвыканкаме ў розных там упраўленнях па справах моладзі… Сталася па-іншаму.

Рэжым памёр сам сабой, за адну ноч, але тыя, «хто быў нічым», так у гэтым стане і засталіся. Піраміда проста пасунулася на адно дзяленне. Замы сталі начальнікамі, замы замаў — першымі замамі і г.д. Канешне, з Еўропай стасункі наладзіліся, за мову ўжо ніхто нікога не цягаў па пастарунках, але ўсё адбылося неяк… не так, як мелася. Не так, як Сяржук сабе ўяўляў. Рэжым не быў пераможаны, а сышоў са сцэны, як акцёр, што страціў цікавасць да п’есы.

Выходзячы на працу ў Гістарычны музей ранкам 25 сакавіка, які так і не стаў выходным днём, Сяржук зладзіў сваю персанальную акцыю пратэсту супраць рэчаіснасці, якая яго ўпарта ігнаравала.

Не без цяжкасцяў адсунуўшы два шпінгалеты, бо механізм стаў тугім з-за наслаенняў фарбы розных гадоў, малодшы навуковы супрацоўнік масавага аддзела выйшаў на балкон, па-зладзейску агледзеўся ды замацаваў прышчэпкамі на дроце для бялізны сцяг. Той самы, што вісеў над камп’ютарам ля партрэта стоіка. У двары ўнізе яшчэ нікога не было.

«Каму трэба, той убачыць, — пракруціў у галаве Сяржук, зноў засоўваючы шпінгалет. — Удзень усё адно ж на пошту пацягнуцца».

* * *

У Міколавым офісе было душна, нягледзячы на сырасць і халодны паўночны вецер звонку.

— Цібя, кажэцца, баця іскал, — праходзячы поруч, кінуў Віталік з пухлымі шчакамі ды вачыма навыкаце.

— Пасіб, сча перезваню, — Мікола пацягнуўся праз увесь закіданы паперамі стол да гарадскога тэлефона — бацька не выносіў мабільныя.

— Ну, што там? — пасля пары гудкоў перапытаў Мікола.

— Пріезжай, надо поговоріть, — як заўжды, загадкава і нават змрочна кінуў старэчы голас.

Зрэшты, сам па сабе голас ды інтанацыя яшчэ ні пра што не казалі. Іван Сямёнавіч любіў напускаць туману загадкавасці на самыя элементарныя рэчы. Нават паездка на дачу ў былыя часы нагадвала спецаперацыю. Калі ён персанальна не расказваў пра яе сыну, а інфу прастадушна «злівала» маці, Іван Сямёнавіч заўжды нерваваўся:

— Кто цібе сказал?

— Ба-аця, перестань. Мама сказала.

— Ммм… Я же ей говоріл…

Інтуіцыя разам з тым падказала Колю, што гэтым разам не ўсё так проста, нешта здарылася. Гэта дрэнна, бо… бацька дагэтуль жыў у свеце паўгадовай даўніны, праспаўшы пад кропельніцамі ўсе грамадска-палітычныя зрухі мінулай восені. Яму ж ні пра што не казалі, ведаючы загадзя нервовую рэакцыю. Смерць жонкі, алкаголь, інсульт — усё гэта сур’ёзна выбіла з формы немаладога ўжо падпалкоўніка. Трэба было берагчы нервы.

Можа, ён нешта заўважыў? З кімсьці пасварыўся ў пад’ездзе, далей жа ўсё адно не ходзіць… А можа, нейкія ліпкія маёмасныя пытанні? Няма чаго гадаць, трэба ехаць.

* * *

Праз паўтары гадзіны Міколаў «опель» ужо аб’язджаў дзіркі ў сырападобным асфальце ў двары на Дамброўскага. Аб’ехаць іх ён мог і з заплюшчанымі вачыма: як-ніяк вазіў некалькі разоў на тыдзень бацьку ежу, чаргуючыся з сястрой, тоўстай супрацоўніцай пашпартнага стала Жаннай.

— Садісь. У нас во дворе ЧП. А может, і во всей стране. Что-то не так, — не міргаючы, прамовіў баця, падпіраючы спінай халадзільнік «Атлант».

Мікола збялеў. Значыць, сказалі…

— Вчера, прімерно в восем трідцать, бела-красный флаг вывесілі над почтай, пряма на балконе. Я, конечно, позвоніл в міліцыю, а там, — бацька вытрымаў паўзу, — там кінулі трубку. Пазваніл Алексеевічу, он на пенсіі, конечно, но вдруг… не взял. Ну, может, в больніце, канешна.

Сын перавёў дыханне. Сітуацыя складаная, але не крытычная.

— …но я этава так не аставлю. Напісал в прокуратуру два пісьма. Про флаг і на дежурного «02», который трубку кінул, там время указано в бумаге. Отнесёш на почту отправіш заказнымі. У міня связі…

Увесь гэты спектакль, які яны з сястрой ігралі вакол бацькі апошнія паўтара месяца, рызыкаваў праваліцца. Зрэшты, а які тут спектакль? Старому ж не брахалі ў вочы, проста нічога не казалі. Жанна спачатку назвала Колю прыдуркам за ідэю захаваць усё ў таямніцы, але пасля пагадзілася, каб не браць адказнасць і не даваць у рукі самагубцу зараджаны пісталет у выглядзе стосу свежых рэспубліканскіх газет.

Паштовую скрыню Коля проста разбіў двума ўдарамі фомкі — каб не было нават спакусы нешта выпісваць. Хуліганы ў пад’ездзе, бывае… Тэлевізар па легендзе знаходзіўся ў зацяжным рамонце ў «Гаранце»: то кінескоп не могуць падабраць, то майстар у запой пойдзе. Бацька «роптал», а пасля забыўся, таблеткі рабілі сваю справу не горш за алкаголь усе апошнія гады.

— Да, я всё занесу, баць, не валнуйся.

— Угу.

Трэба было дзейнічаць, пакуль падпалкоўнік у адстаўцы Бакланаў не пачаў апошні ў сваім жыцці крыжовы паход, не ведаючы нават, каму зараз належыць Ерусалім… Дзейнічаць — тэрмінова.

* * *

Адзіноту Сержука, падавалася, нішто і ніхто не мог азмрочыць. Сцяг быў спакойна зняты ўвечары 25-га і перавешаны на яго законнае месца. Ноўт быў складзены і схаваны недзе на шматпавярховых паліцах з альбомамі па мастацтве і стосамі «Советского фото». На стале, які на час ператварыўся ў хірургічны, быў распластаны фотаапарат «Canon», набыты ў «мядовыя гады» паездак за мяжу і лёгкіх грошай. Любоў да фота, дарэчы, яшчэ адна супольная рыса з лысаватым стоікам, што ўзіраўся са сцяны.

Мацюкнуўшыся пару разоў, Сяржук нарэшце пакінуў свайго «пацыента» і пайшоў адмыкаць. Звонку настойліва званілі. «Міліцыя? Не, не можа быць», — імгненна пранеслася ў галаве малодшага навуковага супрацоўніка.

— Дарова.

— Пры-ывітанне, — здзіўлена акінуў вачыма свайго колішняга дваровага кента Сяржук.

— Есть мінутка?

— Без праблем, у мяне выходны сёння. Праходзь.

Мікола зайшоў, агледзеўся ў вітальні. «Разувацца, не разувацца? — прамільганула непрыемная думка. — Рамонту даўнавата не было, а не прыбіраліся хіба яшчэ даўжэй…» У зал Мікола прайшоў, не здымаючы карычневых лакаваных ботаў.

— Што чуваць? Заняты троху.

— Я понял. Такое дзела. С бацей беда. А тут ты …ну, накасячіл трахец. Нужна помасч…

Сяржук залыпаў вачыма і ўжо падумаў, што дарма адчыніў дзверы. Падчас Міколавых энергічных тлумачэнняў музейшчык некалькі разоў бялеў, чырванеў, але так і не вымавіў ані слова, каб не перарываць дакладчыка. Нарэшце Мікола скончыў.

— Не, я не згодны, — заматаў галавой, склаўшы рукі замком, Сяржук.

— Почему?

— Гэта прыніжэнне гонару і годнасці.

— Фсево адзін раз.

— Не.

— Эта важна для старіка, панімаеш?

— Я разумею….

— Ну. Падумай, эта ж не проста так. Ты ж без дзенех сядзіш, та?

— Мажліва.

— А тут сотня за полчаса…

— Паўгадзіны ганьбы.

— Какая разніца? Эта ігра!

— Тым не менш.

— 150, Сёга, не вы…вайся.

— Прабач, не.

— Ну, мля…

Сяржук падхапіўся з дабітай чэхаславацкай канапы і стаў ля акна, бліжэй да сцяга з партрэтам. Сонца падкрэслівала ягоны сілуэт.

— Не крыўдуй, Мікола, …200. Менш — не.

— Замётана, — холадна адрэзаў Коля, сцяўшы сківіцы.

* * *

Усю працэдуру экзекуцыі Іван Сямёнавіч уважліва назіраў з акна, канспектуючы ў галаве кожную дэталь. Увечары пра ўсё скупа «далажыў» сыну:

— Забралі пі…ра, с флагом который, над почтой.

— Да-а? — шчыра здзівіўся Мікола. — Ты відзел?

— А то, — усміхнуўся падпалкоўнік у адстаўцы. — Я фсё віжу.

На стале парам дыхалі два гранёныя кубкі ў падшклянніках з крамлёўскімі вежамі.

— Пісьма закінул?

— Што?.. Да-да…

— Эта харашо. Я атвета фсё равно буду ждать. І па флагу атпішут, пачему цэлый день провісел, і па дзежурнаму.

З кубкам у руцэ Іван Сямёнавіч падышоў да акна, скрозь цемру, асветленую жоўтым святлом ліхтароў, намацваючы позіркам абрысы пошты.

— Захацелі, мля, как дедушка Ленін: телеграфы, почты, вакзалы… Мала далі ему!

— Баць, не куры многа, а?

— Сам знаю.

— Атветы цібе с пракуратуры па пошце прыдут, не звані зря.

— Угу.

Сербануўшы гарбаты, Мікола пайшоў абувацца. Бацька запаліў, не адыходзячы ад акна.

Засынаў Іван Сямёнавіч гэтай ноччу з ледзьве заўважнай усмешкай на твары.

* * *

Са сценаў на супрацоўнікаў зняважліва глядзелі дыпломы ў рамках: «Лідар», «Намінант», «Удзельнік выставы». Узнагароды, зрэшты, належалі не людзям, а прадуктам: «Маскоўскай каўбасе», «Гедымінавым вяндлінам», «Сасіскам па-панску».

— Коля, у цібя мабіла пілікала, — адазваўся да Міколы таўсташчокі Віталік са свайго камп'ютарнага крэсла.

— Пасіб, гляну, — абыякава кінуў шэф, падыходзячы да стала.

Сэнсарны экран спачатку не слухаўся, а можа, не слухаліся пальцы? Няважна… «Серж» у прапушчаных. «Што ему нада? Расчыталісь ведь…» Пайшлі гудкі.

— Званіл.

— Так-так, слухай, маеш хвілінку? — па той бок зазвінеў фальцэт малодшага навуковага супрацоўніка.

— Маеш, — ледзьве чутна прашыпеў Мікола.

— Я вось з якой нагоды… Ты, канечне, сам глядзі, але калі раптам для твайго старога трэба… ну, перыядычна, нешта падобнае. Калі ёсць патрэба, я сам не навязваю. Ты кажы.

— Умер баця.

Не чакаючы адказу, Мікола скончыў размову ды кінуў мабілку ў шуфляду стала. Праз імгненне, праўда, дастаў назад і паклаў вонкі. Яшчэ мае пазваніць Жанна наконт рэстарана, а з ваенкамата — паведамяць пра аркестр.

* * *

Хавалі Івана Сямёнавіча з усімі вайсковымі ўрачыстасцямі, з духавым аркестрам, яловымі вянкамі і медалямі на чырвоных падушачках. Труна падпалкоўніка была сарамліва прыкрытая новым дзяржаўным бел-чырвона-белым сцягам. 

Алесь Кіркевіч

Нар. 1989 у Гродне, у сям’і гісторыкаў. Быў адным з лідараў Маладога фронту. Пасля Плошчы-2010 асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Памілаваны ў верасні 2011. Працуе журналістам-фрылансерам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0