Фінансавая міліцыя выявіла факты ўхілення ад выплаты падаткаў на 2,3 млрд рублёў падчас праверкі магілёўскага таварыства з абмежаванай адказнасцю.

Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Магілёўскай вобласці Аляксандр Шаройкін, магілёўская кампанія на працягу 2014—2015 гадоў набывала ў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў вобласці буйную рагатую жывёлу, якая пасля вывозілася з рэспублікі і рэалізоўвалася ў Расію жывой вагой за наяўны разлік. Пры гэтым атрыманая выручка ня адлюстроўвалася ў бухгалтарскім уліку таварыства.

«З мэтай стварэння легальнасці здзелак у бухгалтарскі ўлік таварыства змяшчаліся фіктыўныя першасныя дакументы, згодна з якімі набытая буйная рагатая жывёла дастаўлялася ў прыватны дом, размешчаны ў Магілёве, дзе адбываўся яе забой (у сярэднім да 25 галоў за суткі) і наступная рэалізацыя за наяўны разлік выдуманым фізічным асобам», — сказаў прадстаўнік фінансавай міліцыі.

Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці распачало ў дачыненні да дырэктара і галоўнага бухгалтара таварыства справу па ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў). Дырэктар узяты пад варту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?