Сухая расліннасць загарэлася на лузе за два кіламетры ад вёскі Балічы, агнём ахапіла каля 2 га, паведамілі ў Гродзенскім абласным упраўленні МНС.

Школьнік, які адпачываў у бабулі на вакацыях, першы заўважыў агонь і паведаміў пра гэта па тэлефоне 101. Хлопчык расказаў, што зусім нядаўна ў школу прыходзілі работнікі МНС і распавялі пра небяспеку выпальванняў сухой травы і дзеянні пры іх выяўленні.

Гэта першы ў вобласці сёлета выпадак маштабнага загарання сухой расліннасці. Непасрэднай пагрозы пацярпець ад агню вёсцы не было, але ратавальнікі і работнікі мясцовага СВК спынялі пажар на працягу сарака хвілін. Трактарамі ўзаралі тэрыторыю, каб перагарадзіць шлях агню, і пры дапамозе рыдлёвак і галін патушылі полымя.

Улічваючы, што паступова усталёўваецца цёплае сухое надвор'е, небяспека ўзгаранняў леташняй травы ўзрастае. МНС просіць быць больш уважлівымі дачнікаў, сельскіх жыхароў, работнікаў сельгаспрадпрыемстваў пры ўборцы смецця і абыходжанні з агнём. Летась у Гродзенскай вобласці адбылося 611 пажараў сухой расліннасці на агульнай плошчы 324 га, у адным з іх загінуў пенсіянер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?