Трое беларусаў знаходзіліся ля стойкі рэгістрацыі, калі прагрымеў выбух у аэрапорце Бруселя. Пра гэта паведамляе тэлеканал АНТса спасылкай на пасольства Беларусі ў Бельгіі.

«Гэтая сям'я пастаянна пражывае ў Бельгіі і збіралася ляцець у ЗША. Яны самі пакінулі будынак аэрапорта і пазней звярнуліся па медыцынскую дапамогу ў адну з клінік Бруселя», — прагучала ў эфіры.

Паводле дадзеных першага сакратара па консульскіх пытаннях пасольства Беларусі ў Бельгіі Рыгора Аксёнава, 22 сакавіка ў адну з клінік Бруселя звярнуліся трое грамадзян Беларусі. «Гэта сям'я, якая асабіста прыйшла на медыцынскае абследаванне. У бацькоў дыягнаставаная баратраўма вуха. У дзіцяці — парэз мяккіх тканін. У выніку бацькам прызначаны курс лячэння. Дзіцяці накладзенае шво. Ім прапанаванае паўторнае абследаванне праз дзесяць дзён», — удакладніў ён.

Паводле інфармацыі, агучанай тэлеканалам, трое грамадзян Беларусі былі застрахаваныя. «Страхавы поліс пакрые ўсе іх фінансавыя выдаткі. Падчас выбуху ў аэрапорце грамадзяне Беларусі знаходзіліся побач са стойкай рэгістрацыі на вылет. На бягучы момант іх здароўю нічога не пагражае. Цяпер яны знаходзяцца ў сябе дома», — адзначалася ў эфіры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0