Сёння, 25 сакавіка, адзначаецца Дзень Волі. 98 гадоў таму, у 1918 годзе, ва ўмовах сусветнай вайны была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Калі б не было БНР, не было б і БССР. І вынікае, што магло не быць незалежнай Беларусі.
У Беларусі на афіцыйным узроўні Дзень Волі не адзначаецца. Затое незалежная грамадскасць традыцыйна ладзіць свае святкаванні.
А 18-й гадзіне ад Акадэміі навук мае распачацца афіцыйна дазволенае шэсце.
Мікалай Статкевіч прапанаваў перад ім, а 17-й, сабрацца ў парку Янкі Купалы для ўскладання кветак да помніка нацыянальнаму паэту, а потым прайсці ў бок Акадэміі навук. На думку Статкевіча, улады робяць памылку, калі ігнаруюць Дзень Волі самі і не даюць дазволу на яго адзначэнне ў самым цэнтры горада. На думку Статкевіча, сімвалічна было б яго адзначаць у самых знакавых месцах.
«Наша Ніва» будзе весці анлайн з акцыі.
Са святам, чытачы!
Выкарыстайце акенца для каментароў, каб павіншаваць сяброў і знаёмых з Днём Волі.