Каласальным ударам па рэпутацыі універсітэту назвала адміністрацыя ЕГУ затрыманне былога студэнта гэтай навучальнай установы з наркотыкамі.

Занепакоенае інцыдэнтам з гэтым маладым мінчуком кіраўніцтва ЕГУ ініцыявала 22 красавіка экстранную сустрэчу са студэнтамі. Падчас яе прарэктар ЕГУ Уладзімір Дунаеў заявіў, што запэўніванні адміністрацыі універсітэта ў тым, што гэты выпадак з’яўляецца выключным, не выглядаюць пераканаўчымі. І таму зараз студэнтам і выкладчыкам універсітэта трэба сур’ёзна працаваць над тым, каб пераканаць тых, хто займаецца расследаваннем злачынства, а таксама донараў і партнёраў навучальнай установы у тым, што затрыманне аднаго з былых студэнтаў ЕГУ — на самой справе з’ява нетыповая.

Адміністрацыя універсітэта неаднаразова падкрэслівала, што затрыманы малады чалавек у дадзены момант ужо не з’яўляецца студэнтам ЕГУ. Прарэктар Дунаеў паведаміў, што гэты студэнт быў адлічаны за непаспяховасць загадам яшчэ ад 27 сакавіка.

Адным з наступстваў для студэнтаў, якія будуць замешаныя ў справах з наркотыкамі, Уладзімір Дунаеў назваў выключэнне з універсітэту і пазбаўленне дазволу на жыхарства ў Літве. У горшым выпадку злачынцаў чакае крымінальная адказнасць.

Уладзімір Дунаеў папярэдзіў студэнтаў пра верагоднасць прадпрыняцця літоўскімі спецслужбамі рэйдаў з мэтай выяўлення наркотыкаў у студэнцкіх інтэрнатах. Адміністрацыя універсітэту параіла студэнтам падрыхтавацца да таго, што супрацоўнікі як літоўскай, так і беларускай мытні, верагодна, будуць звяртаць на іх вялікую ўвагу. Мажлівыя нават асабістыя надгляды. Таму універсітэцкія праўнікі далі навучэнцам парады, як паводзіць сябе падчас перасячэньня дзяржаўнай мяжы.

Сяржук Гаўрыленка, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0